ЗША, Паўночная Карэя і Іран на адным стэндзе, — навагоднія цацкі аб’ядноўваюць несумяшчальнае.
«Людзі сьвяткуюць Новы Год, людзям добра, і яны павінны быць у міры, таму гэтыя экспанаты знаходзяцца тут усе разам», — тлумачыць Андрэй Бягун, калекцыянэр і арганізатар музэю-фабрыкі навагодніх цацак.
Андрэй Бягун аб’ехаў каля 52 краінаў сьвету і сабраў у адну калекцыю больш за 1000 экзэмпляраў навагодніх упрыгожаньняў. Шары ў выглядзе яек Фабэржэ, драўляныя статуэткі з Конга, статуэткі з арнамэнтамі аўстралійскіх абарыгенаў... І побач цацкі беларускай фабрыкі «Грай», дырэктар і заснавальнік якой — таксама Андрэй Бягун.
«Я рыхтую беларускую калекцыю, яна ўжо ў мяне ў галаве. Мы хацелі калекцыю з жывёламі і птушкамі. Яна наўрад ці будзе добра прадавацца, але будзе цікавая. Мне самому цікава яе ўжо зрабіць».
Музэй уключае ў сябе ня толькі экспанаты з розных краінаў сьвету, але і частку вытворчасьці фабрыкі «Грай». Некаторыя з майстроў навагодніх упрыгожаньняў «пераехалі» ў памяшканьне гандлёвага цэнтру «Галерэя» і на вачах наведнікаў музэю-фабрыкі робяць навагоднія ўпрыгожаньні на ялінкі. Музэй-фабрыка разам з крамай упрыгожаньняў на ялінкі будуць працаваць у гандлёвым цэнтры «Галерэя» да 15 студзеня.