Упраўленьне Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласьцях забараніла ўвоз на тэрыторыю Расеі ялавічыны, вырабленай, паводле дакумэнтаў, на прадпрыемстве «ЭкспартАльфаГруп».
Расейскія кантралёры выявілі нечытэльныя адбіткі вэтэрынарных клеймаў, сьляды зачысткі са значным выдаленьнем мышачнай тканкі ў месцах для кляйменьня і новыя клеймы.
Акрамя таго, паводле Рассельгаснагляду, прадукцыя знаходзілася ў нездавальняючым вэтэрынарна-санітарным стане. У прыватнасьці, мяса было забруджана «рэшткамі зьмесьціва страўнікава-кішэчнага тракту».