Затрыманых прыкладна каля 20 чалавек. У пастарунку таксама расейскі гісторык, філёзаф і дасьледчык анархізму Пётар Рабаў. Вынялі ягоныя кнігі. Сьледчыя пакінулі гарадзенскі «Цэнтар гарадзкога жыцьця».
Павал Мажэйка сказаў Свабодзе, што ў Цэнтры нічога не забіралі, а толькі апыталі яго і перапісалі літаратуру.
— Я калі прыйшоў сюды, тут ужо былі АМАПаўцы, затрымлівалі людзей. Іх было каля 20 чалавек. Я прадставіўся і сказаў, што я дырэктар гэтай установы. АМАПаўцы забралі слухачоў і прафэсара Рабава і адразу ад’ехалі. Потым прыйшлі сьледчыя і правялі апытаньне, а таксама перапісалі ўсё, што знаходзілася ў памяшканьні, але нічога не забіралі. У мяне пыталіся, што гэта была за лекцыя, але я ім нічога ня мог патлумачыць, бо сам прыйшоў тады, калі людзей ужо выводзілі з памяшканьня. Усіх павезьлі ў Ленінскі РАУС.
Тэлефоны затрыманых пакуль не адказваюць.
Вядома, што ў «Цэнтры гарадзкога жыцьця» адбывалася лекцыя Пятра Рабава «Лібэртарная сацыяльная думка апошняй траціны XX — пачатку XXI cтагодзьдзя». Першая яе частка была прызначаная на 16:00, а другая павінна была пачацца ў 18:30. 10 кастрычніка аналягічная лекцыя плянавалася ў Баранавічах.