3 кастрычніка 2017 году, Аляксандар Коржыч
На дадзены момант гэта апошні вядомы выпадак самагубства ў беларускім войску. 21-гадовага Коржыча нібыта знайшлі павешаным у памяшканьні вайсковай часткі ў барысаўскіх Печах, дзе ён праходзіў тэрміновую вайсковую службу. Пры гэтым родныя Коржыча ў афіцыйную вэрсію аб самагубстве верыць адмаўляюцца. Родныя вайскоўца перадалі ў рэдакцыю Свабоды пасьмяротныя фатаздымкі, на якіх выразна відаць гематомы. Таксама яны кажуць, што ў Аляксандра Коржыча падчас службы ў войску неаднаразова адбіралі грошы, яму пагражалі расправай.
31 сакавіка 2017 году, Арцём Басцюк
Арцём служыў у вайсковай частцы № 25849 Барысава. За дзень да гібелі Басьцюк патэлефанаваў бацькам, папрасіў у іх прабачэньня і разьвітаўся. Усхваляваныя родныя адразу ж зьвязаліся з кіраўніцтвам часткі і папрасілі разабрацца ў сытуацыі. Там іх запэўнілі, што з сынам будзе ўсё ў парадку.
За тры тыдні да сьмерці сына Басьцюкі прыяжджалі ў частку на сустрэчу зь яе кіраўніцтвам. Тады Арцём Басцюк у прысутнасьці бацькоў расказваў камандаваньню пра выпадкі дзедаўшчыны, называў імёны і прозьвішчы тых, хто чыніў на яго ціск.
Пасьля сьмерці Басьцюка Сьледчы камітэт пачаў праверку. Вынікі расьсьледаваньня пакуль не агучваюцца, да суду справа яшчэ не дайшла.
![](https://gdb.rferl.org/234E9103-F4E4-44B0-8064-8EBDB3A1CFFB_w1080_h608_s.jpg)
10 лютага 2017 году, Павал Старанкоў
Парэшткі 19-гадовага служачага тэрміновай службы з часткі № 44540 знайшлі празь некалькі месяцаў пасьля яго зьнікненьня зь месца службы. Старанкоў сышоў з часткі яшчэ ў лістападзе 2016 году і значыўся ў вышуку. Мінабароны і Сьледчы камітэт у якасьці асноўнай прычыны сьмерці Старанкова назвалі суіцыд. Праводзілася праверка, апытвалі ягоных таварышаў па службе і родных. Вынікі праверкі не публікаваліся.
19 студзеня 2017 году, Печы, сьмерць на пляцы
Трагедыя здарылася на тэрыторыі 72-га навучальнага цэнтру ў Печах. Па інфармацыі, якая трапіла ў СМІ, вайсковец паветрана-дэсантных войскаў памёр падчас практыкаваньняў на пляцы. Прэс-служба Мінабароны пацьвердзіла інфармацыю пра здарэньне, аднак падрабязнасьцяў не раскрыла. Вядома толькі, што яно «не зьвязанае з праходжаньнем вайсковай службы».
24 жніўня 2016 году, вайсковы палігон пад Барысавам
Пра гэты выпадак інфармацыі няшмат. Вядома, што здарэньне адбылося на 226-м палігоне «Барысаўскі» падчас вучэбных стрэльбаў. Вайсковец тэрміновай службы атрымаў баявыя патроны і накіраваўся на агнявы рубеж. Аднак, не даходзячы да яго, прыклаў дула да галавы і выстраліў усе тры патроны.
Нябожчыку было 23 гады, а да завяршэньня тэрміну службы заставалася два месяцы. Інфармацыю пра здарэньне пацьвердзілі ў Мінабароны, аднак падрабязнасьцяў не раскрылі, спасылаючыся на «этычныя прычыны». Сьледчы камітэт праводзіў праверку па факце гібелі вайскоўца, яе вынікі не публікаваліся.
22 сакавіка 2015 году, Печы
Паведамленьне прэс-службы Міністэрства абароны: «21 сакавіка 2015 году ў 72 аб’яднаным навучальным цэнтры меў месца факт самагубства вайскоўца тэрміновай службы. Для ўстанаўленьня сапраўдных прычын таго, што здарылася, праводзяцца сьледчыя дзеяньні. Міністэрства абароны выказвае спачуваньне родным і блізкім ваеннаслужачага». Падрабязнасьці здарэньня не раскрываліся.
13 красавіка 2005 году, Барысаў, Максім Кажэка
Кажэка загінуў у барысаўскіх Печах праз тры месяцы пасьля прызыву ў войска. Ён быў адзіным сынам у бацькоў, у войска пайшоў адразу пасьля школы. Перад самагубствам Максім Кажэка самавольна пакінуў частку, яго знайшлі на наступны дзень за 6 кілямэтраў ад яе ў лесе. Вайсковец павесіўся на ўласным рамяні, у кішэні была разьвітальная запіска з просьбай «дараваць усё».
«Войска — складаная школа, праўдзівая праверка характэрных для асобы ўласьцівасьцяў, — гаварылася ў афіцыйным камэнтары Мінабароны з нагоды сьмерці Максіма Кажэкі. — Тут імгненна раскрываюцца ўсе эмацыйна-валявыя праблемы маладога чалавека, якія завуаляваныя разьмераным цывільным жыцьцём».
Аіцыйны прадстаўнік Мінабароны Беларусі Уладзімер Макараў
Мінабароны Беларусі вельмі неахвотна дзеліцца дадзенымі пра колькасьць самагубстваў у беларускай арміі. У 2004 годзе тагачасны міністар абароны Леанід Мальцаў адзначаў, што за год у беларускай арміі ўчынілі самагубства 11 чалавек.
У артыкуле кіраўніка Ўпраўленьня інфармацыі галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Мінабароны палкоўніка Ўладзімера Макарава «Армія і дысцыпліна», разьмешчаным на сайце Мінабароны ў 2009 годзе, прыводзяцца значна меншыя лічбы.
«У беларускай арміі аналягічны паказчык (колькасьць самагубстваў. — РС) у мінулым годзе складаў каля 1 на 10 тысяч чалавек, гэта значыць у тры разы менш, чым па рэспубліцы, і ў чатыры разы менш, чым ва Ўзброеных Сілах у сярэдзіне 90-х гадоў», — гаварылася ў ім. Гэта значыць — каля 5 выпадкаў у год.
У тым жа артыкуле палкоўніка Макарава падаецца статыстыка самагубстваў у беларускім войску сярэдзіны 90-х. У 1995 годзе ва Ўзброеных сілах Беларусі было 42 самагубствы. У наступныя гады, як піша Макараў, колькасьць трагічных здарэньняў пачала зьніжацца:
«Захады, зробленыя ў 1995–1996 гадах дзеля прафіляктыкі злачынстваў і здарэньняў, спрыялі скарачэньню колькасьці толькі самагубстваў больш як у два разы ўжо ў 1996 годзе».
Сярод гэтых захадаў называюцца стварэньне лябараторыі сацыяльна-псыхалягічных дасьледаваньняў а таксама ўвядзеньне пасады вайсковых псыхолягаў.