У Вілейскім раённым судзе 9 кастрычніка судзілі мясцовага актывіста Алеся Вянгерскага, які выскачыў на футбольнае поле ў Барысаве зь бел-чырвона-белым сьцягам падчас гульні «БАТЭ — Арсэнал» і толькі што адбыў за гэта 10 сутак арышту.
Цяпер яму прысудзілі штраф у 460 рублёў за ранейшую акцыю супраць вучэньняў «Захад» і нарэшце вызвалілі. Па выхадзе з суду яго сустракалі маці і сябры, а таксама мясцовыя актывісты і журналісты.
Алесь Вянгерскі патлумачыў карэспандэнту Свабоды, у чым быў сэнс ягонай акцыі са сьцягам:
«Проста каб нагадаць людзям пра бел-чырвона-белы сьцяг, што гэта наш гістарычны сымбаль і наш гонар, каб ганарыліся».
Паводле Вянгерскага, ад міліцыянтаў у Барысаве ён ня чуў крыўдных словаў за свой учынак:
«Толькі ст’юарды ўдарылі па нагах ды спрабавалі паставіць на калені, але нічога ў іх не атрымалася. А таго ст’юарда, які зьбіў мяне з ног на полі, праз 20 хвілін я ўбачыў у аўтазаку. Нас разам павезьлі супрацоўнікі спэцслужбаў. Яго за тое, што нібыта праводзіў на футбол гледачоў без квіткоў. Ва ўсякім разе, такі на яго складалі пратакол у міліцыі. Што зь ім было далей, ня ведаю», — кажа Вянгерскі.
Вянгерскі зьбіраецца днямі ў Барысаў, каб падаць скаргу на свой прысуд — ён ня згодны з тым, што нібыта не падпарадкоўваўся міліцыі, за што атрымаў 3 сутак арышту ў дадатак да 7 за «хуліганства». Сёньняшні штраф у 20 базавых велічынь Алесь Вянгерскі абскарджваць ня будзе.
«Няма сэнсу, усё роўна назад не павярнуць», — кажа ён.
Таксама Вянгерскі кажа, што не зьбіраецца кудысьці эміграваць і героем сябе пасьля ўчынку на футболе ня лічыць:
«Трэба далей дамагацца зьменаў да лепшага тут, у Беларусі», — сказаў Вянгерскі і дадаў, што зьбіраецца на вулічную акцыю ў Менску, заплянаваную на 21 кастрычніка.
Вяргерскаму вярнулі ўсе ягоны рэчы, у тым ліку сьцяг, зь якім ён выбег на футбольнае поле. Таксама вярнулі мабільны тэлефон, але пакуль той не працуе — Вянгерскі кажа, з тэлефона скінулі ўсе зьвесткі.