У рэдакцыю Свабоды перадалі фатаздымкі цела Аляксандра, на якіх выразна відаць вялікія гематомы на галаве і тулаве загінулага.
Сваякі і сябры, якія езьдзілі ў Печы забіраць цела Аляксандра і размаўлялі зь іншымі салдатамі і афіцэрамі, ня вераць у тое, што Аляксандар учыніў самагубства.
Жахлівыя падрабязнасьці сьмерці салдата, які нібыта зьдзейсьніў самагубства
3 кастрычніка 21-гадовага Аляксандра Коржыча нібыта знайшлі павешаным у вайсковай частцы ў Печах, што пад Барысавам, дзе ён праходзіў тэрміновую службу.
Прэсавы сакратар Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімер Макараў заявіў Свабодзе:
«Праводзяцца сьледчыя дзеяньні ўпаўнаважанымі на тое сьледчымі органамі. І ніякіх камэнтароў па азначэньні да завяршэньня расьсьледаваньня ня будзе. Усё астатняе — чуткі і домыслы. Справай займаецца Сьледчы камітэт. Гэта першы выпадак самагубства ў Печах сёлета. Яшчэ раз паўтаруся: усё астатняе — чуткі і домыслы. У нашых інтарэсах дасканала высьветліць і вывучыць усе фактары, зьвязаныя з нэгатыўнай зьявай, і няма ніякіх сумневаў, што адпаведнымі кампэтэнтнымі органамі гэта будзе зроблена аб’ектыўна і сумленна».
На пытаньне Свабоды, што гэта ня першы выпадак нібыта самагубства (у вайсковай частцы № 25849, што ў Барысаве, 31 сакавіка 2017 году быў знойдзены мёртвым 25-гадовы Арцём Басьцюк, які скардзіўся бацькам на пазастатутныя адносіны і дзедаўшчыну), палкоўнік Макараў адказаў:
«Гэта іншая вайсковая частка, гэта ня Печы. У гэтай справе сьледзтва не скончанае, таму таксама ніякіх камэнтароў».