За час свайго існаваньня Беларуская Народная Рэспубліка спрабавала наладзіць сваё функцыянаваньне як аб’екта міжнароднага права з усёю належнаю атрыбутыкаю. А патэнцыйна пасьпяховым шляхам да юрыдычнага прызнаньня ўлады БНР вызначылі Ўкраіну, якая таксама абвясьціла незалежнасьць ад Расейскай імпэрыі. У 1917 годзе была створаная Ўкраінская Народная Рэспубліка пад старшынствам Міхайла Грушэўскага, якога цяпер ушаноўваюць як першага прэзыдэнта Ўкраіны. У красавіку 1918 году да ўлады прыходзіць гетман Паўло Скарападзкі і стварае Ўкраінскую дзяржаву, а яшчэ праз паўгода — у сьнежні 1918-га — у выніку антыгетманскага паўстаньня на тэрыторыі Ўкраіны зноў аднавілася УНР.
Нягледзячы на ўсе гэтыя катаклізмы, улады БНР прагнулі супрацоўнічаць з Украінаю, незалежнасьць якой на той момант ужо прызналі некалькі дзяржаў. Хоць частыя зьмены ўлады ва Ўкраіне перашкаджалі як пераемнасьці на перамовах, так і іх пэрыядычнасьці.
Беларуская дэлегацыя, якая пачала працаваць у Кіеве ў красавіку 1918 году, неаднаразова зьвярталася да ўрадаў УНР ды Ўкраінскае дзяржавы з просьбай прызнаць БНР. Але, атрымліваючы згоду на словах і запэўніваньні «ў братэрскіх пачуцьцях», гэтае пытаньне ніводнага разу, як сьведчаць пратаколы ўрадавых пасяджэньняў, не абмяркоўвалася. Пры гэтым, карыстаючыся падтрымкаю нямецкага камандаваньня, украінскія ўлады накіроўвалі сваіх камісараў на этнічныя беларускія землі.
У Дзяржаўным архіве вышэйшых органаў улады і кіраваньня Ўкраіны зьберагаецца нота пратэсту, накіраваная Міністэрству замежных спраў Украінскай дзяржавы беларускай дэлегацыяй у пытаньнях замежных спраў. Дакумэнт датаваны 6 траўня 1918 году і датычыць устанаўленьня ўкраінскай улады на тэрыторыі Гомлю, а таксама Пінскага, Мазырскага, Рэчыцкага і Гомельскага паветаў:
«Насельніцтва азначаных паветаў, якое вызначана цягнецца да цэнтру Беларусі Менску, не ўяўляе свайго дзяржаўнага існаваньня ў складзе Ўкраіны».
Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі, спасылаючыся на адпаведную заяву саюзу землеўладальнікаў, патрабавалі ад Кіева «адклікаць украінскіх камісараў і замяніць іх камісарамі Беларускай Рады».
«Дэлегацыя ў пытаньнях замежных спраў БНР выказвае глыбокае перакананьне, што пратэсты новым урадам будуць прынятыя да ўвагі і што просьбы насельніцтва беларускіх паветаў будуць задаволены».
Яшчэ адной нагодай для звароту да ўкраінскага ўраду стала падпісаньне ў жніўні 1918 году між Расеяю і Нямеччынай дадатковага пагадненьня да Брэст-Літоўскага мірнага дагавору. Згодна зь ім, Нямеччына абавязвалася вывесьці свае войскі зь беларускай тэрыторыі на карысьць Расеі, якая не прызнавала незалежных беларускіх уладаў.
Старшыня Рады БНР Язэп Лёсік у сваім лісьце да міністра замежных спраў Украінскае дзяржавы назваў гэта новым «ударам толькі што ўтворанай Беларускай дзяржаўнай арганізацыі, адрываючы ад яе паўночна-ўсходнюю акраіну — да ракі Бярэзіны. Тым часам люднасьць гэтае тэрыторыі, неразрыўна зьвязаная і гістарычна, і эканамічна, і нацыянальна, і культурна з рэштаю Беларусі».
«Змучаны цягатамі вайны, зруйнаваўшай эканамічнае і культурнае жыцьцё краю, і разарваўшай яго на часьці, народ беларускі, узлажыўшы ўсе надзеі на магчымасьць свайго адраджэньня толькі на злучэньне усіх беларускіх зямель і адбудову сваёй утрачанай дзяржаўнасьці, бачыць у новым акце падзелу Беларусі пагрозу свайму нацыянальнаму існаваньню і перад усім цывілізаваным сьветам выстаўляе дамаганьне, каб усе беларускія землі, як ужо ачышчаныя і падлягаючыя ачышчэньню нямецкімі акупацыйнымі войскамі, так і занятыя суседнімі дзяржавамі, былі аддадзены незалежнай Беларускай дзяржаве».
Не дачакаўшыся адказу і на гэты раз, Надзвычайная дэлегацыя БНР дзеля замежных перамоваў на чале з Антонам Луцкевічам 5 лістапада 1918 году зноў зьвярнулася да ўладаў Украіны з просьбаю тэрмінова афіцыйна прызнаць Беларускую Народную Рэспубліку.
«За гэты час Савецкая Расея акупавала новую паласу Беларускае зямлі зь местам Магілёвам, і ў найбліжэйшай будучыні будуць зруйнаваныя новыя абшары. Дэлегацыя заяўляе, што кожны далейшы дзень зацяжкі, ставячы Беларусь перад фактам акупацыі Савецкай Рэспублікай усё новых і новых абшараў Беларусі, абясцэньвае эвэнтуальную помач беларусам з боку Ўкраінскае дзяржавы, каторая можа аказацца спозьненай, і адклад разьвязкі Радай Міністраў пытаньня аб прызнаньні незалежнасьці Беларусі і аб помачы ёй можа вытварыць палажэньне, роўна грознае як для Беларусі, так і для Ўкраіны».
У гэтым лісьце беларуская дэлегацыя заявіла, што да прызнаньня БНР на афіцыйным узроўні далейшае знаходжаньне яе прадстаўнікоў у Кіеве немэтазгоднае, і дэлегацыя вярнулася ў Менск.