У Гомлі мясцовыя ўлады зьбіраюцца ўсталяваць чатыры сыстэмы відэаназіраньня на агульную суму 757 тысяч рублёў, або 390 тысяч даляраў у эквіваленце.
Як паведамляе «Дзелавы Гомель», упраўленьне капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму абвясьціла, што будзе выбіраць падрадную арганізацыю.
Найдаражэйшым стане відэаназіраньне на плошчы Леніна — на яго мяркуюць выдаткаваць 242 тысячы рублёў. Нават абсталяваньне камэрамі Прывакзальнай плошчы, дзе сыходзяцца пяць вуліц ды перамяшчаюцца тысячы пасажыраў, абыдзецца на 67 тысяч рублёў таньней.
«Відаць, улады ўлічваюць, што на плошчу Леніна гамельчукі часам выходзяць з пратэставымі акцыямі. Так было неўзабаве пасьля Чарнобыльскай катастрофы, а таксама сёлета ў лютым, калі блізу трох тысяч гараджанаў сабраліся пратэставаць супраць „дармаедзкага“ дэкрэту № 3. Таму і не шкадуюць нашых грошай на відэаназіраньне», — лічыць сталага веку гамяльчук, які жыве побач з цэнтральнай плошчай.
Апроч згаданых тэрыторый, «усёбачным вокам» упраўленьне капітальнага будаўніцтва зьбіраецца аснасьціць плошчу Працы з помнікам воінам-вызваліцелям, а таксама зону адпачынку «Сажалкі» ў Навабеліцкім раёне гораду.
Сродкі на сыстэмы відэаназіраньня выдзяляюцца зь мясцовага бюджэту, усталяваць іх плянуюць сёлета ў лістападзе-сьнежні.