Напярэдадні адборачнага матчу да чэмпіянату сьвету 2018 году супраць зборнай Галяндыі (7 кастрычніка) прайшла прэс-канфэрэнцыя галоўнага трэнэра каманды Беларусі Ігара Крывушэнкі.
Сярод іншага беларускі настаўнік пракамэнтаваў зьяўленьне на полі падчас сустрэчы групавога этапу Лігі Эўропы паміж барысаўскім БАТЭ і лёнданскім «Арсэналам» 28 верасьня заўзятара зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Ім аказаўся 26-гадовы Аляксандар Вянгерскі зь Вілейкі. Маладога чалавека затрымала ахова «Барысаў Арэны», яму далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту за «дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі».
Як паведамляе сайт Беларускай фэдэрацыі футболу, на пытаньне Ігар Крывушэнка адрэагаваў усьмешкай, выказаўшы меркаваньне, што пакараньне было не зусім адэкватнае.
«У чалавека, напэўна, было жаданьне неяк самасьцьвердзіцца, зьдзейсьніць нейкі ўчынак на вачах вялікай колькасьці людзей. Ён гэта зрабіў. Як той казаў, гэта справа кожнага. Адзінае, можа, трошкі неадэкватнае пакараньне было. Ну а як да гэтага ставіцца? Як да часткі жыцьця. Па-іншаму ніяк», — падсумаваў Ігар Крывушэнка.
Сёньня стала вядома, што Аляксандар Вянгерскі абвясьціў галадоўку. У лісьце, які ад яго атрымаў іншы вялейскі актывіст Аляксей Сюдак, асуджаны тлумачыць, што галадоўку абвяшчае празь нязгоду з абвінавачаньнем, бо зь ягонага боку не было ані непадпарадкаваньня, ані зьнявагі міліцыянтаў.
Таксама Вянгерскі напісаў, што ладзіць галадоўку ў падтрымку ўсіх палітзьняволеных, якія цяпер за кратамі.
Тым часам у дачыненьні да футбольнага клюбу БАТЭ распачатая дысцыплінарная справа па факце зьяўленьня на полі заўзятара беларускай каманды. Як удакладнілі ў штаб-кватэры УЭФА, разгледжана яна будзе 19 кастрычніка падчас пасяджэньня Дэпартамэнту кантролю, этыкі і дысцыпліны.
Магчымыя санкцыі пакуль не агучваюцца.