Інвэстыцыйны праект рэалізуецца з 2015 году паводле дамовы паміж Гарадзенскім аблвыканкамам і ААТ «Зілант». На яго рэалізацыю мае быць скіравана каля 3 мільёнаў эўра замежных інвэстыцый.
Магутнасьць аднаго генэратара нямецкай вытворчасьці сягае 1,65 МВт, вага аднаго ветрака — каля 200 тон, вышыня амаль 70 мэтраў. Паводле ацэнак адмыслоўцаў, пры добрым ветры энэргіі будзе выпрацоўваць дастаткова, каб забясьпечыць увесь Зэльвенскі раён. Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што ветрапарк акупіцца цягам пяці гадоў.
Ветрапарк дасьць незалежнасьць ад АЭС
Cтаршыня Зэльвенскага райвыканкаму Ян Пальчыс сказаў карэспандэнту Свабоды, што два ветракі ва ўрочышчы Татарышкі ўжо змантаваныя, але пакуль не запушчаныя. Гаворачы пра энэргетычную бясьпеку раёну, Пальчыс прыгадвае, што яшчэ раней плянавалася і будаўніцтва Зэльвенскай КЭС (кандэнсацыйнай электрастанцыі), але яна адышла на другі плян і гэты праект закрылі.
— Але застаўся праект ветрапарку — шэсьць ставяць. А што, нельга выкарыстоўваць энэргію ветру? Можна. Але гэты праект існуе гады тры ці нават больш. Ён узьнік раней, чым праект АЭС. Ён прапрацоўваўся раней, і мы яго проста не спынілі, — кажа старшыня Зэльвенскага райвыканкаму.
Паводле заяваў Аляксандра Лукашэнкі, на Беларускай АЭС у Астраўцы зь цягам часу будуць выпрацоўвацца лішкі электраэнэргіі.
Курс на альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі будзе згортвацца, — экспэрт
Эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак нагадвае, што ў свой час у Беларусі быў прыняты закон аб узнаўляльных крыніцах энэргіі і створаны даволі прывабныя ўмовы для прыцягненьня інвэстыцый у гэтую сфэру, якія далі штуршок для разьвіцьця альтэрнатыўнай энэргетыкі.
— Многія інвэстары пацягнуліся ў гэтую сфэру, паколькі ўлады бралі на сябе адказнасьць выкупляць электраэнэргію, якая будзе вырабляцца на гэтых аб’ектах, па павышальных каэфіцыентах. Гэта, вядома, і падштурхнула разьвіцьцё альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі.
Экспэрт тут жа зьвяртае ўвагу на тое, што апошнім часам беларускія ўлады ўзялі курс на тое, каб нейкім чынам адрэгуляваць гэтую сфэру, і каэфіцыенты для падобных крыніцаў энэргіі, паводле яе, становяцца менш прывабнымі.
— З запускам атамнай станцыі ў Беларусі ўзьнікне прафіцыт электраэнэргіі і таму ўлады імкнуцца адрэгуляваць гэтую сфэру. Але я так разумею, што гэтыя праекты аднаўленьня альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі ажыцьцяўляюцца на падставе інвэстыцыйных дамоваў, якія пакуль застаюцца прывабнымі для беларускіх заказчыкаў. Хаця, зразумела, што раней узяты курс на аднаўленьне альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі будзе згортвацца.