Менгарвыканкам забараніў Беларускаму кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў правесьці шэсьце 7 кастрычніка па маршруце ад кінатэатра «Кастрычнік» да плошчы Бангалор.
Улады прапанавалі замест дэманстрацыі правесьці масавае мерапрыемства на адной з трох пляцовак: парку Дружбы народаў, парку 50-годзьдзя Кастрычніка ці ў Кіеўскім сквэры. Яны патлумачылі, што заяўлены маршрут не адпавядае патрабаваньням артыкула 9 закона «Аб масавых мерапрыемствах». Маўляў, дэманстранты створаць перашкоды для руху транспарту. Аднак заяўнікі адзначаюць, што раней улады дазвалялі шэсьці менавіта па гэтым маршруце.
Лідэр БКДП Аляксандар Ярашук даслаў ліст у Менгарвыканкам, у якім заявіў, што ўлады фактычна забаранілі правядзеньне дэманстрацыі. Прапанову Менгарвыканкама правесьці мерапрыемства ў іншым месцы БКДП лічыць незаконным прымусам да зьмены яго фармату з дэманстрацыі на мітынг. Бо правесьці дэманстрацыю на цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы парку Дружбы народаў, летнім тэатры парку 50-годзьдзя кастрычніка або каля фантана ў Кіеўскім сквэры немагчыма.
У зьвязку з гэтым БКДП адмовіўся ад зьмены фармату і месца правядзеньня мерапрыемства, сказаў карэспандэнту Свабоды лідэр БКДП Аляксандар Ярашук.
«Мы абмяркоўвалі на радзе і на выканкаме варыянты нашых дзеяньняў, калі нам не дазваляюць акцыю. Былі меркаваньні, што трэба выходзіць, але большасьць усё ж не пагадзілася.
У нас 7 кастрычніка не адбудзецца ніякага мерапрыемства
І прынятае рашэньне, што мы не выходзім на дэманстрацыю, калі яна не дазволеная. Таму заўтра нічога не адбудзецца і мы нічога не плянуем. У нас 7 кастрычніка не адбудзецца ніякага мерапрыемства».
Паводле БКДП, адмова Менгарвыканкаму зьяўляецца чарговым грубым парушэньнем правоў прафсаюзаў і працоўных у Беларусі.
«У выніку перамоваў з прадстаўнікамі Менагрвыканкаму нам прапанавалі правесьці мітынг на плошчы Бангалор. Але для нас было відавочна, што паўтараецца тое, што было 1 траўня, калі мы заяўлялі шэсьце, а нам прапанавалі мітынг. „Пад рамку“, гэта абсалютна відавочна, бальшыня нашых людзей не пойдзе. Гэта спроба значна зьменшыць колькасьць удзельнікаў масавай акцыі, калі мы пагодзімся, што яна будзе ў фармаце мітынгу. Мы адразу адмялі магчымасьць прымаць удзел у такім мерапрыемстве», — сказаў Аляксандар Ярашук.
7 кастрычніка адзначаецца Ўсясьветны дзень барацьбы за годную працу.