Беларускія вайскоўцы выправіліся на чарговыя манэўры, гэтым разам — у Армэнію

Ілюстрацыйнае фота. Падчас вайсковых вучэньняў «Захад-2017»

Афіцэры і салдаты Ўзброеных сіл Беларусі накіраваліся ў Армэнію да месца правядзеньня сумесных вучэньняў «Узаемадзеяньне-2017».

«5 кастрычніка беларускія вайскоўцы ад’ехалі да месца правядзеньня манэўраў з кантынгентамі Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) у Каўкаскім рэгіёне калектыўнай бясьпекі», — сказалі Інтэрфаксу ў Міністэрстве абароны Беларусі.

Вучэньні пройдуць ад 6 да 13 кастрычніка ў рамках сумеснага апэратыўна-стратэгічнага вучэньня Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы «Баявое братэрства-2017» на палігонах Баграмян і Сісіян у Армэніі.

У ведамстве ўдакладнілі, што ад беларускага боку задзейнічаная апэратыўная група Міністэрства абароны, афіцэры са складу камандаваньня КСАР і вайскоўцы 103 падразьдзяленьня паветрана-дэсантнай брыгады сіл спэцыяльных апэрацый.

Як паведамляла Свабода, агулам у манэўрах «Баявое братэрства» бяруць удзел каля 12 тысяч чалавек асабовага складу, 1,5 тысячы адзінак вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі, блізу сотні лятальных апаратаў. Сваімі маштабамі яны не саступаюць нядаўнім расейска-беларускім стратэгічным вучэньням «Захад-2017», а ахоп тэатраў вайсковых дзеяньняў нават шырэйшы.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, задума вучэньняў зьвязаная «з падрыхтоўкай і вядзеньнем апэрацыі па падтрыманьні міру Калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ у дзяржаве, якая не зьяўляецца чальцом арганізацыі».

Як мяркуе расейская «Независимая газета», у рэальнасьці такой дзяржавай можа быць Сырыя, Украіна ці любая іншая краіна, дзе ў чальцоў АДКБ ёсьць супольныя інтарэсы.

На пачатку верасьня, калі абмяркоўвалася прапанова Расеі ўвесьці ў зону канфлікту на Данбасе «блакітныя каскі», намесьнік генэральнага сакратара АДКБ Валеры Семерыкоў заявіў, што іхныя міратворчыя падразьдзяленьні ўжо гатовыя гэта зрабіць.

Улады Ўкраіны ад такой прысутнасьці адмаўляюцца катэгарычна.