Улады Гомлю пасьля пратэстаў і наганяю ад Лукашэнкі адмовіліся прэзэнтаваць праект забудовы зялёнай зоны

Стыхійны сход каля гарадзкой школы №26.

Многія гамельчукі, якія прыйшлі 4 кастрычніка а 18-й гадзіне да школы № 26, са зьдзіўленьнем чыталі абвестку ў акне навучальнай установы: адміністрацыя Цэнтральнага раёну адмяняе прэзэнтацыю праекту забудовы зялёнай зоны на рагу вуліц Савецкай і Кожара.

І больш ніякай інфармацыі: зь якой прычыны адмяняе — з прычыны непадрыхтаванасьці, немэтазгоднасьці ці проста пярэпалаху?

Сёй-той з прамоўцаў схільны лічыць, што ў Гомлі ўлады ўсё ж такі напалохаліся нядаўняга патрабаваньня Аляксандра Лукашэнкі спыніць «разбой» з высечкай дрэў у гарадах і ўшчыльненьнем жылой забудовы.

«У маю бытнасьць старшынёй гарвыканкаму і гарсавету, — кажа былая кіраўніца гораду Сьвятлана Гальдадэ, — гэтая тэрыторыя заўсёды разглядалася як зялёная зона. І калі хтосьці заікаўся пра нейкія інвэстыцыйныя праекты на гэтым кавалку зямлі, чальцы выканкаму й слухаць не жадалі: зялёная зона — і кропка».

На невялікім лапіку гарадзкія ўлады наважыліся «пасадзіць» камэрцыйны элітны дом з агароджанай дваровай тэрыторыяй, шлягбаўмам, дзьвюма аўтапаркоўкамі больш як на 120 аўтамашын. Заказьнік — упраўленьне капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму. Як падлічылі «зялёныя», пад нож можа трапіць каля трохсот дрэваў ды кустарнікаў.

Жыхары тутэйшых шматпавярховак абурыліся, усчаліся стыхійныя сходы. Сабралі звыш тысячы падпісаў пад пратэставым зваротам.

«Улады паводзяць сябе нахабна, не зьвяртаючы ўвагі на нэгатыўнае стаўленьне людзей да такіх неабдуманых праектаў. Яны непадкантрольныя гараджанам. Улічваюць толькі жаданьне тых, хто мае грошы і можа купіць тут элітныя кватэры», — лічыць гараджанка Ала з дома №1 па вуліцы Кожара.

Сквэр, на месцы якога плянуецца «пасадзіць» камэрцыйны дом.

Тутэйшыя жыхары, наадварот, прапануюць упарадкаваць сквэр — адзінае месца, дзе маці гуляюць зь дзецьмі, дзе старыя і малыя могуць пад засеньню дрэваў перавесьці дух. Некаторыя гамельчукі публічна пішуць пра «маніякальнае імкненьне мясцовых уладаў ператварыць цэнтар гораду ў каменную пустэчу з транзытнымі магістралямі».

Былы дэпутат гарсавету, прадстаўнік партыі «Зялёныя» Юры Грушакоў лічыць, што ўлады людзей проста «дасталі» сваімі ўшчыльненьнямі, лесапаваламі, сумнеўнымі дарожнымі праектамі:

«Назіраецца беспрэцэдэнтны ўздым актыўнасьці людзей, пачынаючы з „гарачай вясны“ 2017-га супраць дэкрэту пра „дармаедаў“. І вось цяпер гэты новы ўздым, на маю думку, працягваецца экалягічнымі акцыямі „гарачай восені“. Проста-такі выбух грамадзкай актыўнасьці праз беспардоннае стаўленьне ўладаў да людзей. Адбываецца драпежніцкае рабаваньне чыноўнікамі таго, што засталося. Улажылі эканоміку, спустошылі заводы. Узяліся за апошняе, што засталося — за прыродныя рэсурсы. Сьпілуем дрэва — атрымаем грошы. Пабудуем камэрцыйнае жыльлё на месцы сквэру — яшчэ „насячэм капусты“. І людзі падымаюцца — само жыцьцё прымушае іх бараніць свае правы. Бо ніхто іншы іх ня ў стане абараніць».