Адказны за стральбу ў Лас-Вэгасе Стывен Пэдак валодаў амаль 50-ю найменьнямі зброі ў трох месцах і наладжваў камэры ў сваім гасьцінічным нумары і калідоры перад тым, як адкрыць агонь па натоўпе на фэстывалі кантры-музыкі.
Прадстаўніца Бюро алькаголю, тытуню і агнястрэльнай зброі паведаміла журналістам, што арсэнал Пэдака ўключаў стрэльбы, драбавік і пісталеты.
Прадстаўнікі ўладаў паведамілі, што ён усталяваў дзьве камэры ў калідоры за межамі свайго пакою, каб назіраць за супрацоўнікамі праваахоўных органаў па меры іх набліжэньня.
64-гадовы мужчына адкрыў агонь і страляў на працягу 9 або 11 хвілін позна ўвечары 1 кастрычніка з 32-га паверха гатэля Mandalay Bay ў бок фэстывалю кантры-музыкі пад адкрытым небам. У выніку страляніны загінулі 59 чалавек і было паранена больш за 500 чалавек.