Барыш нарадзіўся ў амэрыканскім штаце Нэбраска ў 1936 годзе. Сем’і яго бацькоў — габрэі-эмігранты з Заходняй Беларусі. Бабуля і дзед Бары Барыша нарадзіліся ў другой палове XIX стагодзьдзя.
У інтэрвію ўнівэрсытэцкаму выданьню ў Каліфорніі 19 гадоў таму будучы набэліст распавёў, што сем’і ягоных бацькоў прыбылі ў Амэрыку асобна і пазнаёміліся на заходнім узьбярэжжы ЗША. Дзед нобэлеўскага ляўрэата Хаiм-Доў бэн Барух Бэнэдэт Барыш пахаваны ў штаце Аёва, а бабуля — на могілках у Нэбрасцы.
Нобэль у галіне фізыкі далі за адкрыцьцё гравітацыйных хваляў
Навукоўцы атрымалі прэмію за вывучэньне гравітацыйных хваляў. Нягледзячы на тое, што ўпершыню іх узгадаў яшчэ стагодзьдзе таму Эйнштэйн, менавіта амэрыканскія дасьледчыкі ў свой час распрацавалі праект, паводле якога стварылі лазэрна-інтэрфэрамэтрычную гравітацыйна-хвалевую абсэрваторыю (LIGO). Назіраньне за гравітацыйнымі хвалямі распачалі ў 2002 годзе, але толькі ў верасьні 2015-га навукоўцам упершыню давялося зафіксаваць усплёск, які зьявіўся пры сутыкненьні дзьвюх чорных дзірак.