Адзін з двух чалавек у кадры прадстаўляецца Забалотным Раманам Васільевічам, называе год і месца свайго нараджэньня і паведамляе, што быў узяты ў палон пры контранаступленьні джыгадыстаў ў раёне сырыйскага пасёлку Шуля. Ён называе імя і другога мужчыны, які прысутнічае ў кадры: «Сурканаў Грыгоры Міхайлавіч», які на апублікаваным відэа так і ня вымавіў ніводнага слова. На тварах у абодвух прыкметныя сьляды зьбіцьця.
Пра гібель расейскага вайскоўца і ўзяцьця ў палон тэрарыстамі яшчэ дваіх у сырыйскай правінцыі Дэйр-эз-Зор агенцтва «Амак» паведаміла 28 верасьня. Расейскае міністэрства абароны абвергла гэтыя зьвесткі. Прадстаўнік авіябазы Хмэймім заявіў тады, што ўсе расейскія вайскоўцы, што знаходзяцца ў Сырыі, жывыя, здаровыя і «выконваюць пастаўленыя задачы».