МЗС Украіны лічыць рэфэрэндум аб незалежнасьці Каталёніі ад Гішпаніі, які прайшоў 1 кастрычніка, нелегітымным, гаворыцца ў адказе прэсавай сакратаркі МЗС Украіны Марʼяны Бецы на запыт агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».
«Украіна лічыць нелегітымным праведзены каталёнскай уладай 1 кастрычніка бягучага году рэфэрэндум, які быў забаронены Канстытуцыйным судом Гішпаніі з прычыны яго неадпаведнасьці Канстытуцыі дзяржавы», — адзначыла яна.
Паводле Бецы, Украіна падтрымлівае гатовасьць гішпанскага ўраду да дыялёгу з парлямэнцкімі палітычнымі сіламі для аднаўленьня правапарадку і стабільнасьці ў краіне.
«Перакананыя, што Гішпанія як адзін зь лідэраў дэмакратыі ў сьвеце, абапіраючыся на трывалы падмурак дэмакратычных традыцыяў і каштоўнасьцяў, якія ў свой час абумовілі мірны пераход ад дыктатуры да дэмакратыі і пасьля — да сяброўства ў NATO і ЭЗ, будзе дэмакратычным спосабам вырашаць усе надзённыя праблемы ўнутрыпалітычнага жыцьця», — гаворыцца ў адказе.
Беца падкрэсьліла, што Ўкраіна выступае за павагу сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці ўсіх дзяржаваў сьвету ў рамках міжнародна прызнаных межаў.