Удзельнікі фэсту выклалі ў інэтэрнэт здымкі, зьнятыя «лясным шпіёнам». Назаўтра з Талькаўскага лясніцтва папрасілі вярнуць камэру, а на пытаньне, навошта падглядвалі, адказалі, што яны «людзі паднявольныя».
Некаторыя ўдзельнікі фэсту мяркуюць, што камэру ўсталявалі на заданьне спэцслужбаў.
«Адзінае, што трохі сапсавала свята — высока на дрэве, схаваны кронай, ужо ў цемры быў знойдзены гэбэшны перадатчык з відэакамерай, нацэлены акурат на нас», — напісаў у Facebook актывіст Яўген Батура.
Агранізатарка фэсту «Талька-2017», былая настаўніца Талькаўскай школы, грамадзкая актывістка Натальля Ільлініч у размове з карэспандэнтам Свабоды сказала, што за 15 гадоў правядзеньня фэсту «чаго толькі не было». «І разганялі, і забаранялі, з клюбу прымусілі пераехаць ў лес. Зразумела, на камэры не пазначана, што яна з КДБ ці якой іншай спэцслужбы, але каму яшчэ гэтак трэба сачыць за выканаўцамі беларускамоўных песень, бардамі і апазыцыянэрамі з „Пагоняй“? Цяпер і там адсочваюць!» — адзначыла яна.
Камэру заўважылі не адразу
Пра тое, што ўдзельнікі фэсту знайшлі на дрэве відэакамэру, сама Натальля даведалася ўжо пасьля мерапрыемства, калі вярнулася дамоў.
«Большасьць ужо раз’ехалася, сьцямнела, калі хлопцы зь Менску, якія яшчэ заставаліся на паляне, заўважылі, што на дрэве пульсуе чырвоны ліхтарык. Палезьлі, а там відэакамэра. Зьнялі, дасталі флэшку, ужо выклалі ў інтэрнэт здымкі. Там увесь наш фэст зьняты. Нават добра — для гісторыі застанецца», — жартуе Натальля Ільлініч.
Паводле жанчыны, ужо знайшоўся і нібыта гаспадар камэры, хоць актывістка сумняваецца, што гэта сапраўды ён.
«Лясьнічы Віктар Валер’евіч ужо прасіў вярнуць камэру. Спытала яго, навошта паставілі, дык адказаў, што не з сваёй ініцыятывы, а начальства загадала. „Мы ж людзі паднявольныя“. Нібыта каб прасачыць, ці не забруджваем лес. Але ж мы, наадварот, яшчэ і прыбралі тую паляну ад сьмецьця», — абураецца Натальля.
Як мяркуе Дар’я Ільініч, якая таксама ўдзельнічала ў фэсьце, камэра была ўсталяваная ў суботу, 30 верасьня. «Гэта відаць па здымках. Да таго камэра была накіраваная не на сьцежку, а менавіта на паляну, дзе праходзіў фэст».
У КДБ не камэнтуюць
У прэсавай службе КДБ не сталі камэнтаваць гісторыю зь відэакамэрай на паляне, дзе праходзіў фэст «Талька-2017».
«Напішыце, што без камэнтару», — адказаў прэсавы сакратар КДБ Дзьмітры Пабяржын.
Лясьнічы: «Адсочваем, каб не засьмечвалі лес»
Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся па камэнтар і да лясьнічага Талькаўскага лясніцтва Віктара Сулякоўскага. Той настойвае, што відэакамэру ўсталявалі, каб сачыць за засьмечваньнем лесу.
«Ня я яе ўстанаўліваў, але з нашага лясгасу. Разумееце, засьмечваюць лес, а потым невядома, хто, вось і адсочваем. Калі ўсталявалі менавіта тую відэакамэру? Недзе дні чатыры таму. Ці мусілі папярэдзіць, што вядзецца відэаназіраньне? Дык там ёсьць такая таблічка, але далей, яны яе не заўважылі. І навошта было камэру забіраць? Мусяць вярнуць, гэта маёмасьць лясгасу», — сказаў Віктар Сулякоўскі.
Паводле лясьнічага, камэра была стандартная, але на ёй не была пазначана прыналежнасьць да лясгасу. «Такіх у лясгасе не адна. Але праблема, што здымаюць. Ужо так дзьве камэры забралі. Бяда!» — кажа Сулякоўскі.
Натальля Ільініч запэўніла, што відэакамэру лясьнічаму вернуць.