Трагедыя ў Лас-Вэгасе: што вядома пра злачынцу

Каля 10 гадзін вечара ў нядзелю 64-гадовы Стывен Пэдак адкрыў агонь з акна свайго нумара на 32-м паверсе гатэлю «Мандалэй Бэй» у амэрыканскім горадзе Лас-Вэгас, штат Нэвада, па людзях, якія прыйшлі на канцэрт папулярнага сьпевака кантры Джэйсана Алдэана на трохдзённым музычным фэстывалі Route 91 Harvest. На адкрытай пляцоўцы побач з гасьцініцай сабралася больш за 20 тысяч чалавек. Па іх зьверху і пачаў страляць Пэдак. Колькасьць ахвяраў страляніны дасягнула 58 чалавек, пацярпелых — 515,​ нагадвае карэспандэнт Свабоды ў ЗША Юры Жыгалкін.

На працягу некалькіх хвілінаў ніхто не разумеў, што адбываецца, затым музыка перарвалася, пачуліся галасы: «На зямлю!», Пачалася паніка. Многія з тых, хто атрымаў траўмы, былі параненыя ў цісканіне. Паводле відавочцаў, злачынец вёў агонь чэргамі, перазараджаў зброю і працягваў страляніну. Так працягвалася некалькі хвілінаў. Калі паліцыянты, выкарыстаўшы выбухоўку, уварваліся ў яго нумар, Пэдак быў мёртвы — зьдзейсьніў самагубства.

Падрыхтоўка

Матывы дзеяньняў злачынца, 64-гадовага Стывэна Пэдака невядомыя. Паводле папярэдніх дадзеных, ён плянаваў напад. Пэдак зьняў нумар у гатэлі «Мандалэй Бэй» яшчэ ў чацьвер. З нумару як на далоні была бачная пляцоўка, на якой праходзіў фэст. Перад стралянінай ён выбіў шкло кувалдай. Пакаёўка, якая прыбірала пакой у нядзелю, не заўважыла нічога незвычайнага. Пазьней у пакоі былі выяўленыя дзесяць адзінак зброі, у тым ліку, вінтоўкі. Мясцовы шэрыф заявіў, што ўлады разглядаюць гэтую атаку як дзеяньні «самотнага ваўка». У прэсе спасылаюцца на прадстаўніка паліцыі, які называе стралка «псыхапатам».

На пытаньне, ці можа мець дачыненьне да гэтай атакі тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» (якая абвясьціла сябе адказнай за напад), прадстаўнік ФБР адказаў, што, паводле іх дадзеных, стралок дзейнічаў у адзіночку.

Хто ён

Афіцыйнай інфармацыі аб Пэдаку пакуль няшмат: пэнсіянэр, які жыў за 150 кілямэтраў ад Лас-Вэгасу, меў ліцэнзію пілёта і нават валодаў двума аднаматорнымі самалётамі.

Яго сваякі шакаваныя тым, што адбылося, асабліва таму што, па іх словах, ён быў заўсёднікам казыно і нярэдка наведваў канцэрты кантры-музыкаў. Ён ніколі не трапляў у поле зроку паліцыі, прадстаўнік ФБР заявіў, што ў спэцслужбаў няма ніякіх дадзеных, якія сьведчаць пра яго сувязі з радыкальнымі групамі.

Суседзі Пэдака апісваюць яго як раздражняльнага чалавека і заўзятага гульца. Ён жыў з жанчынай, якую клічуць Мэрыл Дэнлі. Першапачаткова паведамлялася, што ўлады адшуквалі Дэнлі, каб дапытаць яе ў рамках расьсьледаваньня. Пазьней стала вядома, што яе знайшлі і затрымалі, аднак паліцыя ня лічыць, што яна была датычная да нападу.

Бацька стралка рабаваў банкі

Бацька лас-вэгаскага стралка Бэнджамін Пэдак удзельнічаў у сэрыі рабункаў банкаў і ў 1961 годзе быў асуджаны да 20 год турмы, паведамляе The New York Times. У той час ягонаму сыну Стывена Пэдаку было 8 год. У 1968-м Пэдак-старэйшы, аднак, уцёк з тэхаскай фэдэральнай турмы, абрабаваў яшчэ адзін банк і цягам 1970-х знаходзіўся ў сьпісе ФБР сярод 10 найбольш шуканых злачыцаў у ЗША.

Яго апісвалі як «дыягназаванага псыхапата» з «суіцыдальнымі тэндэнцыямі», «вельмі небясьпечным пры наяўнасьці зброі».

Спачуваньні Трампа

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў з кароткім зваротам да краіны, у якім ён выказаў глыбокае спачуваньне пацярпелым і заклікаў амэрыканцаў да адзінства. «Нас абʼядноўвае сёньня пачуцьцё смутку, шок, агульнае гора... У момант трагедыі Амэрыка гуртуецца», — абвясьціў прэзыдэнт.

Сэнатары за кантроль над зброяй

У той час, як многія палітыкі адгукнуліся на гэтую падзею выказваннем спачуваньня і спагады, некаторыя выступілі з больш эмацыйнымі заклікамі зрабіць больш жорсткім кантроль за продажам зброі.

Сэнатар Крыс Мэрфі з Канэктыкуту, дзе разьмешчаная школа Сэндзі Хук, у якой у 2012 годзе ахвярай нападу з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі сталі 26 школьнікаў і настаўнікаў, заявіў, што кангрэсмэны асьцерагаюцца індустрыі зброі і не жадаюць нічога зрабіць для таго, каб спыніць гэтую «эпідэмію забойстваў».

Да яго далучыўся сэнатар Рычард Блумэнтал, які нагадаў пра тое, што крыху больш за год таму пасьля страляніны ў гей-клюбе «Пульс» у Арланда, дзе загінулі 49 чалавек, дэмакраты паспрабавалі даць хаду законапраекту, якім прадугледжвалася больш жорсткія правілы продажу зброі, але гэтая ініцыятыва правалілася пад ціскам апанэнтаў, якія заяўляюць, што падобныя захады толькі абцяжараць куплю зброі законапаслухмянымі амэрыканцамі. На мінулым тыдні апэляцыйны суд у Вашынгтоне прыйшоў да высновы, што ўлады амэрыканскай сталіцы незаконна забараняюць уладальнікам зброі насіць яе пры сабе.

Крывавая кроніка

Напад у Лас-Вэгасе стаў найбольш крывавым у сьпісе падобных нападаў. У чэрвені летась ахвярамі забойцы сталі 49 чалавек у гей-клюбе «Пульс» у Арланда. У 2007 годзе ва ўнівэрсытэце «Вірджынія Тэх» нападнік забіў 32 чалавекі. У 2012 годзе ў школе «Сэндзі Хук» у Канэктыкуце былі забітыя 26 школьнікаў і настаўнікаў. У горадзе Сан-Бэрнардына ў 2015 годзе былі забітыя 14 чалавек. Пераважная большасьць стралкоў альбо незаконна набылі зброю, альбо цярпелі на псыхічныя захворваньні і не павінны былі атрымаць ліцэнзіі на яе куплю.

Стрэл у натоўп: усё пра самыя крывавыя расстрэлы ў ЗША