Колькасьць ахвяраў страляніны ў Лас-Вегасе ўзрасла да 58 чалавек, пацярпелых — да 515, паведаміў шэрыф гораду.
Здарэньне адбылося ў нядзелю ўвечары паводле мясцовага часу на музычным фэсьце, які праходзіў паміж аэрапортам і гатэлем-казыно Mandalay Bay. Стралком апынуўся 64-гадовы мясцовы жыхар Стывэн Пэдак, падчас затрыманьня ён пакончыў з сабой. Мужчына страляў з 32-га паверха гатэльнага комплексу Mandalay Bay Hotel па наведвальніках фэстывалю. Да гэтага выпадку Пэдак не трапляў у поле зроку паліцыі. У гатэльным нумары, дзе ён жыў з 28 верасьня, знайшлі як найменш дзесяць адзінак зброі.
Адказнасьць на сябе ўзяла «ісламская дзяржава». ЗША заяву тэрарыстаў пакуль не пракамэнтавалі.