У Каталёніі на ўчастку адкрылі страляніну, актывісты начуюць у школах

Каталёнская паліцыя

Напярэдадні прызначанага на 1 кастрычніка рэфэрэндуму аб незалежнасьці Каталёніі каля аднаго з выбарчых участкаў у правінцыі Барсэлёна адбылася страляніна.

Паводле дадзеных інфармацыйных агенцтваў, невядомы адкрыў страляніну ў школе гораду Маньеў. Зброя, зь якой страляў нападнік, была зараджаная шарыкамі, інфармуе La Vanguardia.

Устаноўлена, што невядомы мужчына пачаў страляць па людзях, якія стаялі каля будынку школы. З пнэўматычнай зброі ён параніў ня менш чатырох чалавек — раненьні нанесеныя ў шыю і грудзі. Параненым аказаная першая дапамога.

Каталёнскія ўлады хочуць 1 кастрычніка правесьці рэфэрэндум, які гішпанскае кіраўніцтва не прызнае. «Яны ўсе былі папярэджаныя, што да 6:00 нядзелі павінны пакінуць будынкі», — праінфармаваў упаўнаважаны гішпанскага кіраўніцтва. Акрамя таго, напярэдадні рэфэрэндуму ў Гішпаніі заблякавалі 150 інтэрнэт-рэсурсаў з інфармацыяй аб галасаваньні.