Зборная Беларусі па цяжкай атлетыцы адхіленая ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах

Guangzhou, Guangdong province, November 19, 2010

У суботу ў Бухарэсьце адбыўся выканкам Міжнароднай фэдэрацыі цяжкай атлетыкі (IWF), па выніках якога было вынесена аднагалоснае рашэньне адхіліць на год сяброўства ў Фэдэрацыі тых краінаў, дзе тры і больш спартоўцаў патрапіліся на парушэньні антыдопінгавых правілаў падчас пераправеркі допінг-пробаў з Алімпійскіх гульняў 2008 і 2012 гадоў.

Былі адхіленыя фэдэрацыі Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Казахстану, Кітаю, Малдовы, Расеі, Турэччыны і Украіны.

Такім чынам, беларускія спартоўцы год ня змогуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пад эгідай IWF. Беларусь прапусьціць чэмпіянат сьвету па цяжкай атлетыцы, які пройдзе з 28 лістапада па 5 сьнежня ў амэрыканскім Анахайме.

Летась МАК абвясьціў аб пазбаўленьні ўзнагародаў двух беларускіх штангістаў, якія заваявалі мэдалі Алімпіяды-2008 у Пэкіне. Пераправерка тэстаў васьмігадовай даўніны выявіла забароненыя рэчывы ў тэстах срэбнага прызёра Гульняў-2008 Андрэя Рыбакова і бронзавай мэдалісткі Анастасіі Новікавай.

Раней МАК пазбавіў Беларусь двух мэдалёў Алімпіяды-2012 — бронзавыя ўзнагароды павінны былі вярнуць штангісткі Марына Шкерманкова і Ірына Кулеша. У Кулешы станоўчым быў і допінг-тэст з Гульняў-2008, дзе яна заняла 4-е месца. Допінг быў знойдзены таксама ў тэстах штангістаў Дзіны Сазанавец і Яўгена Жарнасека.

Праз допінгавы скандал мэдалёў Алімпійскіх гульняў 2008 году пазбавіліся Аксана Мянькова (кіданьне молата, «золата») і Натальля Міхневіч (штурханьне ядра, «срэбра»).

У 2015 годзе на чэмпіянаце сьвету, які праходзіў у ЗША, тэсты правалілі бронзавая мэдалістка Алімпіяды-2008 і чэмпіёнка сьвету 2011 году Анастасія Новікава і Аляксандр Вэнскель, які ў 2010 годзе быў капітанам беларускай зборнай на I летніх юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Сынгапуры, а ў 2015 годзе стаў бронзавым прызёрам ЧЭ-2015. І Новікава, і Вэнскель былі дыскваліфікаваныя на 4 гады.