Намесьнік старшыні БНФ Ігар Лялькоў узяў самаадвод. Дэлегаты вылучылі дадаткова былога марскога афіцэра з Магілёва Аляксандра Страха і менскага прадпрымальніка, у мінулым супрацоўніка ЦК ЛКСМБ Васіля Астроўскага. У бюлетэні для галасаваньня засталося 6 прозьвішчаў: Ільля Дабратвор, Вольга Дамаскіна, Рыгор Кастусёў, Алесь Таўстыка, Аляксандар Страх, Васіль Астроўскі.
Кандыдаты павінны былі прапанаваць каманду сваіх намесьнікаў, як мінімум дваіх. Не абышлося без канфузу: Ільля Дабратвор прапанаваў адным з намесьнікаў Яраслава Берніковіча, якога даўно выключылі з партыі за парушэньне партыйнай дысцыпліны. Алесь Таўстыка — Уладзімера Падгола, які таксама ўжо ня сябра партыі.
Многія людзі, якіх прапаноўвалі намесьнікамі, першы раз пра гэта чулі, таму было шмат самаадводаў. Ільля Дабратвор сказаў, што гатовы быць намесьнікам у любога кіраўніка, Вольга Дамаскіна ад такой прапановы адмовілася.
Рыгор Кастусёў у сваім выступе расклаў па пунктах падрыхтоўку да ўсіх выбараў ад мясцовых да прэзыдэнцкіх, выклаў іншыя накірункі дзейнасьці.
Вольга Дамаскіна кажа, што вылучэньне 6 кандыдатаў на старшыню азначае, што ў партыі няма адзінства, няма аб‘ядноўчай асобы, таму яна гатовая змагацца за пасаду. Завяршыла свой выступ цытатай Маргарэт Тэтчэр: «Калі хочаце, каб вам нешта сказалі, клічце мужчыну, калі хочаце, каб нешта зрабілі — паклічце жанчыну».
Пачалося тайнае галасаваньне.
ХVIII справаздачна-выбарчы зьезд Партыі БНФ «Адраджэньне» праходзіць у Менску ў Палацы мастацтваў. У зьезьдзе бяруць удзел каля 170 дэлегатаў. На парадку дня — справаздача старшыні партыі БНФ «Адраджэньне» Аляксея Янукевіча, выбары новага партыйнага лідэра, ягоных намесьнікаў, Сойму партыі, вылучэньне кандыдата на прэзыдэнты на наступныя выбары ды іншае.