Беларуская біятляністка зможа атрымаць украінскае грамадзянства

Пятро Парашэнка падпісаў указ аб пра прадастаўленьні Дарʼі Блашко ўкраінскага грамадзянства.

Прэзыдэнт Фэдэрацыі біятлёну Ўкраіны Уладзімер Брынзак паведаміў sport.ua, што для 21-гадовай Дарʼі Блашко хутка можна будзе зрабіць украінскі пашпарт.

- Што тычыцца магчымасьці выступаць (за Ўкраіну, – РС), то зараз мы падалі афіцыйны запыт і чакаем адказу ад беларускіх калегаў. Але прагназаваць які будзе вынік я не магу і не хачу, – паведаміў Уладзімер Брынзак.

Раней Дарʼя Блашко казала, што ёй складана далося рашэньне пра пераезьдзе ва Ўкраіну:

- У любым выпадку, пераезд у іншую краіну – гэта складана. Ну і да таго ж карʼера... Яшчэ, напэўна, складаней, чым проста пераезд, таму што ў мяне можа быць двухгадовы карантын, а гэта як мінімум два гады без міжнародных стартаў.

Сёлета ў верасьні Дарʼя Блашко стала чэмпіёнкай Украіны па летняму біятлёну ў спрынце. Па правілах Міжнароднага саюзу біятляністаў пры пераходзе пад іншы сьцяг спартовец абавязаны вытрымаць двухгадовы карантын перад тым, як атрымаць права выступаць за новую краіну.