Заўзятара Аляксандра Вянгерскага, які на матчы БАТЭ з «Арсэналам» 28 верасьня, выбег на поле зь бел-чырвона-белым сьцягам, асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Вянгерскага прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу — дробнае хуліганства (прысудзіўшы 7 сутак) і непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы (яшчэ 3 сутак арышту).
На пытаньне журналісткі Радыё Свабода, чаму на паседжаньне суду яго даставілі бруднага, адказаў:
— У мяне ціск. Дрэнна было. Выклікалі хуткую.
Пазьней, адказваючы на пытаньні судзьдзі, Вянгерскі дадаў, што пасьля затрыманьня яго вывелі са стадыёну, паставілі на калені і білі па нырках.
Наступны сьведка, міліцыянт зь мясцовага РАУСу, сказаў, што падсудны супраціўляўся. Вянгерскі ў адказ заявіў, што гэтага міліцыянта не было падчас затрыманьня. Міліцыянт адказаў, што «ў форме ён нашмат сурʼёзьней выглядае», таму, маўляў, Вянгерскі яго і не пазнаў.
На Аляксандра Вянгерскага складзены пратакол за дробнае хуліганства, паводле арт. 17.1 КаАП яму пагражае штраф ад 2 да 30 базавых велічыняў (ад 46 да 690 рублёў) або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак).