«Білі па нырках, выклікалі хуткую», — заўзятар Вянгерскі

Пасьля затрыманьня ст'юардамі на «Барысаў-Арэне» заўзятара зь бел-чырвона-белым сьцягам зьбівалі і выклікалі хуткую дапамогу.

Пра гэта заўзятар Аляксандар Вянгерскі распавёў падчас судовага працэсу ў Барысаве. На пытаньне журналісткі Радыё Свабода, чаму на паседжаньне суду яго даставілі бруднага, адказаў:

— У мяне ціск. Дрэнна было. Выклікалі хуткую.

Пазьней, адказваючы на пытаньні судзьдзі, Вянгерскі дадаў, што пасьля затрыманьня яго вывелі са стадыёну, паставілі на калені і білі па нырках.

На Аляксандра Вянгерскага складзены пратакол за дробнае хуліганства, паводле арт. 17.1 КаАП яму пагражае штраф ад 2 да 30 базавых велічыняў (ад 46 да 690 рублёў) або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак).