«Юлі Таўбін — гіпстэр эпохі беларусізацыі». Цікавыя факты пра забітага НКВД паэта

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч уклаў зборнік твораў свайго калегі па пяры, выданага паэта з плеяды зьнішчаных у сталінскіх рэпрэсіях беларускіх літаратараў, Юлія Таўбіна.

У зборнік увайшлі вершы і фрагмэнты з трох паэмаў, збольшага беларускія, але і некалькі расейскіх вершаў творцы. Расейскамоўныя пададзеныя ў перакладах Андрэя Хадановіча. На думку ўкладальніка, Юлі Таўбін — «адна зь вяршыняў ня толькі літаратуры 1920-30 гадоў, але і наагул таго, што сёньня ў нашай паэзіі ёсьць».

Зборнік твораў Юлія Таўбіна выдадзены ў кніжнай сэрыі «Паэты плянэты». Яе заснаваў летась выдавец Зьміцер Колас. Кампанію яму склалі перакладчыкі Лявон Баршчэўскі, Васіль Сёмуха, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута. Дзякуючы ім і іхным калегам-перакладчыкам загучалі па-беларуску творы клясыкаў усясьветнай літаратуры Ўільяма Шэксьпіра, Шарля Бадлера, Сапфо, Пʼера дэ Рансара, Генрыха Гайнэ ды іншых. Першым уласна беларускім «паэтам плянэты» стаў Рыгор Барадулін. За ім палічку кнігазбору папоўнілі творы Юлія Таўбіна.

Юлі Таўбін напаўзабыты, моцна недаацэнены і вядомы да сёньня толькі асобным літаратуразнаўцам і кніжнікам паэт. У 26 гадоў ён быў забіты ў трагічную для беларускай літаратуры ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году.

Днямі ў цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы Магілёва Андрэй Хадановіч прэзэнтаваў кнігу зь вершамі Таўбіна. Свабода падае 12 фактаў, якія паводле Хадановіча, паказваюць адметнасьці творчасьці і характару паэта.

Таўбін — паэт высокай культуры

«У недалёкай яшчэ ад сахі маладой беларускай культуры Юлі Таўбін быў наскрозь літаратурацэнтрычным аўтарам», — казаў пра паэтыку Таўбіна Андрэй Хадановіч.

«У Таўбіна глыкатала няспынная прага тварыць. Невысокага росту, кучаравы, з таўставатымі губамі, якімі ён увесь час варушыў, нешта расказваў імі, чытаў свае і не свае радкі, нават сьпяваў, выдумляючы словы і матывы, — цытаваў успаміны Максіма Лужаніна Андрэй Хадановіч. — Разумны. На той час можна самы культурны чалавек у нашым асяродзьдзі. Ён жыў кнігаю... Да самазабыцьця мог чытаць чые-небудзь вершы з ночы давідна і так жа натхнёна і лёгка пераходзіў на ўласную імправізацыю».

Таўбін пасьлядоўны ўрбаністычны паэт

«Амаль усе ягоныя равесьнікі былі зь вёсак ды мястэчак, яны толькі пачыналі засвойваць горад, — даводзіў Хадановіч. — Яны пачуваліся ў горадзе не да канца сваімі, прыглядаліся да яго. Таўбін жа чуў сябе ў горадзе, як рыба ў вадзе. Выправы ж у вёску, наадварот, былі для яго кароткай экзатычнай прыгодай».

«Прыблізна так, як сёньняшнія аўтары, дзеці асфальту, маладыя гіпстэры, — ілюстраваў Таўбіна з пазыцыі цяперашняга часу Андрэй Хадановіч, — стоячы з кавай ля кавярні, у зоне вайфаю, думаюць, а чаму б дзеля экалягічнага ладу жыцьця ня зьезьдзіць на хутар, не навучыцца даіць казу».

Таўбін габрэй у беларушчыне і беларус у габрэйшчыне

Таўбін зрабіўся беларускамоўным паэтам, але, паводле Хадановіча, застаўся верным тэме лёсаў беларускіх габрэяў. У паэме «Таўрыда» паэт паяднаў тры сюжэты габрэйскай праўды: своеасаблівыя пекла, чысьцец і рай, як у паэме Дантэ.

«Увасабленьнем габрэйскага пекла для чалавека, які не дажыў да Галакосту, былі расейскія пагромы пачатку ХХ стагодзьдзя», — казаў Хадановіч.

«Другая частка паэмы — своеасаблівы „чысьцец“ — масавая эміграцыя. Старыя і маладзейшыя габрэі пакаваліся ў трумы караблёў ды каюты трэцяй клясы і выбіраліся ў Амэрыку ў пошуках лепшай долі», — казаў далей укладальнік кнігі Таўбіна, тут жа адзначаючы, што трэцяй часткі паэмы пра габрэйскі «рай» ён у кнігу не ўключыў.

«Даўно заўважана, што рай выходзіць у творцаў горш, чым пекла. Габрэйскі „рай“, па вэрсіі Таўнібна, гэта масавае перасяленьне габрэяў у Крым, каб там яны стваралі калгасы, будавалі шчасьлівае жыцьцё» — адзначаў Хадановіч.

Таўбін амаль не пісаў пра каханьне

Ува ўсіх паэтаў ёсьць любоўная тэма. У Таўбіна ж, заўважыў Андрэй Хадановіч, гэта месца займае паэзія пра сяброў і сяброўства.

Адзін зь нешматлікіх вершаў Таўбіна пра каханьне «Ты помніш зарослую сажалку...»

«Любоўнай паэзіі ў яго практычна няма, і гэта загадка», — казаў Хадановіч. — Адзіным прыкладам можна лічыць расейскамоўны верш 1936 году «Ці ты помніш...», дзе паэт малюе рэаліі свайго жыцьця і працы ў тэатры падчас цюменскай высылкі. З твору паўстае вобраз сяброўкі-акторкі, што дзяліла з паэтам радасьці і няшчасьці, пакуль лёс не змусіў іх разьвітацца.

«Амэрыканскія вершы» Таўбіна з джазавай імправізацыяй

Выдадзеныя ў 50-60-я гады два зборнікі вершаў Таўбіна не ствараюць яго цэльнага творчага партрэту. Паводле Хадановіча, у гэтых кніжках сабраныя або ідэалагічна вывераныя вершы, або творы, што закранаюць самыя бясьпечныя тэмы.

«Шмат хто з творцаў фліртуе з уладай і эпохай, — выказваў меркаваньне Хадановіч. — Былі моманты і ў Таўбіна, калі ён спрабаваў дапасавацца да калектывізацыі, індустрыялізацыі. Спрабаваў пісаць пра заводы, пра помсту буржуазных польскім нацыяналістам. Спрабаваў у духу позняга Маякоўскага ствараць антыамэрыканскія, паводле тэмаў, вершы, але яны не былі антыамэрынскімі паводле форме. У іх чулася джазавая імправізацыя, чуліся блюзавыя інтанацыі, як у вершы „Праклён“, дзе спалены жыўцом афраамерыканец Джон Кроў праклінае сваіх белых катаў».

«Аматар выпіць і закусіць»

Таўбін, разам зь іншымі выбітнымі тагачаснымі паэтамі — Тодарам Кляшторным, Алесем Дударам і іншымі, — уваходзіў у легендарны ТАВІЗ, «Таварыства аматараў выпіць і закусіць».

Стварэньне гэтай суполкі было іранічнай рэакцыяй на ідэалягаванасьць жыцьця.

«Гэта пошук тэрыторыі свабоды і шчырасьці, дзе можна сядзець без сакратара і абыходзіцца без цэнзараў і самацэнзуры», — кажа Андрэй Хадановіч.

Паэт з «Амсьціслаўскай плеяды»

Юлі Таўбін сышоўся са Зьмітраком Астапенкам і Аркадзем Куляшовым, калі вучыўся ў Амсьціслаўскім пэдагагічным тэхнікуме. Іх траіх і называлі «Амсьціслаўскай плеядай». Гэтая тройца разам здымала невялікі пакой у Менску. Маючы адзін стол на траіх, маладыя паэты складалі свае канапы, хавалі бялізну ў адпаведныя кашы — і выкарыстоўвалі іх як імправізаваныя пісьмовыя сталы.

«Хтосьці захапляўся паэтамі-амсціслаўцамі, а хтосьці пасмейваўся зь іх неразлучнай тройцы, — кажа Андрэй Хадановіч. — Ня ўсе ўспрымалі ўсур’ёз гэтае паэтычнае братэрства. „Амсціслаўская пляяда: Астапенка, Куляшоў, цэлы жмут капюляшоў“, — рыфмаваў Кандрат Крапіва, іранічна паглядаючы ў бок амсьціслаўцаў».

Юлі Таўбін (крайні справа) на высылцы ў Цюмені. 1935 год. Побач сябры Аляксандар Кучынскі і Зьмітрок Паваротны.

Таўбін «нацдэм»

У жніўні 1933 году студэнта трэцяга курса пэдагагічнага ўнівэрсытэту Юлія Таўбіна арыштавалі, як «нацдэма». Паэта выслалі на два гады ў Цюмень. Ехалі ў ссылку ў адным вагоне з Астапенкам, Сяргеем Астрэйкам, Уладзімерам Дудзінскім, Міхасём Кавылём, Сьцяпанам Ліхадзееўскім, Лукашом Калюгам, Максімам Лужаніным, а таксама зь літаратурным крытыкам Уладзімерам Седуром.

«У верасьні 1933 году па дарозе на поўнач трапілі ў адзін вагон маладыя, жыцьцярадасныя, узрадаваныя раптоўнай сустрэчай хлопцы. Сьпявалі даўно не сьпяваныя дарагія сэрцу беларускія песьні. Час ад часу дабрадушна пастуквалі ў дзьверы канвойныя: «Эй вы, надземы цішэй». Па нарах да аднаго са сьпевакоў падпоўз Таўбін. Прыціснуўся да локця і заплакаў: «Выбачай, я падпісаў усё, што казалі на цябе. Яны не саромеліся. У мяне ішла носам кроў. Думаў памру», — цытаваў Максіма Лужаніна Андрэй Хадановіч

Паэт-паліглёт

Таўбін чытаў і разумеў у арыгінале вершы ангельскіх, францускіх, нямецкіх і польскіх паэтаў. Знаёміўся ў арыгінале з італьянскай і галяндзкай паэзіяй. Перакладаў вершы замежных аўтараў амаль што беспамылкова, хоць практычна не вучыў граматыкі гэтых моваў.

Захапляўся паэзіяй Поля Вэрлена і асабліва Генрыха Гайнэ, вершы якога любіў найбольш — і рыхтаваў кнігу Гайнэ ў сваіх перакладах зь нямецкай. Кнігі не выйшла, але захавалася вялікая падборка перакладаў, частку з якіх Андрэй Хадановіч уключыў у «Выбранае» Таўбіна.

«Голас з таго сьвету»

Перад сваім другім арыштам Таўбін пераклаў на расейскую мову падборку англамоўных вершаў. Быў сярод іх і верш ірляндзкага нобэлеўскага ляўрэата Ўільяма Батлера Ейтса «Ружа» — пра трагічны лёс кіраўнікоў дублінскага паўстаньня 1916 году, расстраляных ангельцамі.

«Таўбіна арыштавалі, але, па недаглядзе цэнзараў, пераклады «ворага народу» пайшлі ў друк, і праз дваццаць дзён пасля смерці Таўбіна анталёгія з гэтымі творамі выйшла, — адзначыў Хадановіч. — Даследчык сталінскіх рэпрэсіяў Леанід Маракоў назваў гэтыя пераклады «голасам з таго свету».

Рэабілітаваны Таўбін

Па першай справе, якая скончылася для Таўбіна высылкай, яго рэабілітавалі 24 жніўня 1956 году. 29 ліпеня 1957 году — рэабілітавалі па другой, расстрэльнай. Першы зборнік твораў Таўбіна пасьля рэабілітацыі выдаў у 1957 годзе ягоны сябра Аркадзь Куляшоў.

Паводле Андрэя Хадановіча, Куляшоў доўга маўчаў пра трагедыю сваіх сяброў. Але потым, адным зь першых у беларускай савецкай літаратуры — вядома ж, зь недамоўкамі, зь фігурамі змоўчаньня, часам проста скажаючы факты, — але, тым ня менш, загаварыў пра трагедыю 1937 году. Паэму «Маналёг» Куляшоў прысьвяціў памяці двух забітых сяброў юнацтва, паэтаў Зьмітрака Астапенкі і Юлія Таўбіна.

«Гэта паэма, — адзначыў Андрэй Хадановіч, — зрабілася адной з вяршыняў у ліра-эпічнай паэзіі нашага нарпаэта Аркадзя Куляшова».

Кніга зь вершамі Таўбіна знайшла яго сваякоў

Калі інфармацыя пра падрыхтоўку кнігі трапіла ў інтэрнэт, на яе адгукнуліся сваякі паэта. «Як высьветлілася, — казаў Хадановіч, — ня ўсе сямейнікі Таўбіна загінулі падчас вайны і Галакосту. Брат паэта ацалеў, і яго нашчадкі цяпер жывуць у Ізраілі. Стрыечная ўнучка паэта Марына-Мірыям Мінакер вельмі ўсьцешылася зьяўленьню кнігі, толькі шкадавала, што яе мама ўжо ня зможа прачытаць выданьне.

«Марына-Мірыям Мінакер — жонка паэта і журналіста Барыса Штэрна, — падсумоўваў Андрэй Хадановіч. — А паколькі Штэрн — сваяк Лявона Вольскага, то вельмі сымбалічна, што Вольскі выбраў для праекту „(Не)расстраляная паэзія“ і прасьпяваў верш свайго далёкага, па дзецях Марыны і Барыса, сваяка — Юлія Таўбіна. Вось жа, сьвет малы, і ўсё ў гэтым сьвеце зьвязана, і, на першы погляд, далёкае ад нас — можа выявіцца блізкім і нашым».