«Пыталіся, чаму не аплачваюць камунальныя паслугі», — сацыяльны пэдагог расказала, як школа працуе з бацькамі

Гульджана Разыева зь сям'ёй

Сацыяльны пэдагог крытыкавала тое, як школа працуе з сацыяльна-небясьпечнымі сем’ямі, і кажа, што гэтая крытыка і пазбавіла яе працы.

​Гульджана Разыева — грамадзянка Ўзбэкістану. Прыехала на радзіму мужа, Пятра Шымбалёва, восем год таму. Жывуць у Бялынічах, гадуюць траіх дзяцей.

На сваёй радзіме ў Ташкенце Гульджана скончыла дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыялізацыі «фізыка». У Беларусі ў яе від на жыхарства.

Калі ня змоўкну — працы ў раёне не знайду

Апошнія два гады Гульджана Разыева працавала на паўстаўкі настаўніцай інфарматыкі ў Эсьмонскай школе, за два дзясяткі кілямэтраў ад райцэнтру. Выкладаньне сумяшчала з абавязкамі сацыяльнага пэдагога, таксама на паўстаўкі.

Гульджана Разыева

Раней Гульджане не даводзілася сутыкацца з сацыяльнай працай. Яна прызнаецца, што ад такога занятку ня мела ні маральнага, ні матэрыяльнага задавальненьня. Пагадзілася, бо спадзявалася, што яе калега, настаўнік фізыкі, пойдзе на пэнсію, і яна зойме ягонае месца. Пэдагог спасылаецца на вусную дамоўленасьць з дырэктарам школы, якая абяцала такі варыянт далейшай працы ў школе.

«Можна сказаць, што сацыяльнай працай мяне проста нагрузілі, — кажа Гульджана. — Усё, што даводзілася мне рабіць як сацыяльнаму пэдагогу, выглядала расплывіста і неканкрэтна, таму толку ад гэтай працы я ня бачыла. Сваю незадаволенасьць тым, як арганізаваная сацыяльная работа, я не хавала. Выказвала прэтэнзіі начальству. Мяне ж страшылі: калі ня змоўкну, то працы ў раёне не знайду».

Жыцьцё дзяцей, якія выхоўваліся ў сем’ях, прызнаных сацыяльна небясьпечнымі, Гульджану шакавала. На яе думку, зьмяніць лад жыцьця бацькоў у гэтых сем’ях візытамі сацыяльных пэдагогаў немагчыма. Дзеля гэтага, кажа яна, патрэбныя глябальныя зьмены ў эканоміцы і жыцьці наагул. Паводле яе, у 2016–17 навучальным годзе з 52 вучняў школы — дванаццаць дзяцей з чатырох сямей былі ў сацыяльна небясьпечным становішчы.

Жыцьцёвая неўладкаванасьць змушае людзей піць

«Наша ж сацыяльная работа, — кажа Гульджана, — зводзілася да таго, што мы прыяжджалі ў сям’і і выпытвалі, чаму не аплачваюцца камунальныя паслугі, чаму бацькі п’юць і не аддаюць належнай увагі сваім дзецям. Падахвочвалі бацькоў да кадзіраваньня. Бацькі ж тлумачылі, што ў іх няма працы. І што нам было рабіць з такімі сем’ямі? Усе ж разумелі, што працы ў бліжэйшай пэрспэктыве бацькі такіх сем’яў ня знойдуць. Відавочна, што і сацыяльнае атачэньне ў такіх сем’ях такое самае. Таму яны наўрад ці гатовыя зьменіць сваё жыцьцё».

Па словах Гульджаны, дастатак у сацыяльна небясьпечных сем’ях трымаецца на сэзонных прыработках. Яна прыгадала адну з маці, якая жыве з продажу грыбоў ды ягад, а таксама з дапамогі старым аднавяскоўцам.

«У яе нават не хапала сродкаў на паўнавартаснае харчаваньне, — кажа Гульджана. — Я сумняваюся, што ў гэтай жанчыны нешта зьменіцца бліжэйшым часам. І толку ад таго, што мы пераконвалі яе кадзіравацца? Дапусьцім, закадзіруецца яна, месяцы два не пап’е, а потым праз жыцьцёвую неўладкаванасьць сарвецца і нанава пачне піць».

Суразмоўніца дадае, што сацыяльных пэдагогаў даймаюць рэгулярнымі праверкамі, кожная зь якіх патрабуе свайго.

«Гэтым яшчэ болей размывалася бачаньне таго, як працаваць з сацыяльна небясьпечнымі для дзяцей сем’ямі, — кажа яна. — Я была перакананая: ад таго, што мы нешта перапісвалі, падганялі да нейкіх стандартаў, калі што і мянялася, дык толькі на паперы».

Інфарматыцы вучыць хімік, а сацыяльнай працай займаецца фізык

За два месяцы да сёлетняга навучальнага году дырэктарка школы Людміла Салавей пісьмова паведаміла Гульджане Разыевай, што працоўныя адносіны зь ёю працягвацца ня будуць.

Падставай, каб не працягнуць кантракт, стала скарачэньне штатнай адзінкі — сацыяльнага пэдагога. Кіраўніца навучальнай установы спаслалася на адну з пастановаў Міністэрства адукацыі, паводле якой школе дазволена мець сацыяльнага пэдагога, калі ў ёй больш за 50 вучняў.

На просьбу Разыевай пакінуць за ёй паўстаўкі настаўніка інфарматыкі Людміла Салавей адпісала, што такой магчымасьці няма. Інфарматыку, гаварылася ў лісьце, даручана выкладаць настаўніку хіміі і біялёгіі.

Інтэрнацыянальная сям’я Шымбалёвых-Разыевых

Шматдзетнай маці прапанавалі на стаўку папрацаваць сацыяльным пэдагогам у дзіцячым прытулку, што ў вёсцы Старасельле. Гэта за 30 кілямэтраў ад Бялынічаў.

Прапанова чыноўнікаў Гульджану Разыеву не задаволіла. Сваю адмову яна патлумачыла тым, што не ўяўляе, як зьмяніць жыцьцё сем’яў, дзеці якіх растуць у сацыяльна небясьпечным асяродзьдзі.

«У такой сытуацыі, — кажа яна журналісту, — мая праца ня будзе плённай для ўстановы, куды я пайду працаваць. Мае погляды на сацыяльную працу пэдагога не супадаюць з устаноўкамі і накіраванасьцю раённага аддзелу адукацыі, — працягвае Гульджана. — Да таго ж дарога да месца новай працы і назад вымагала тры гадзіны часу, а ў мяне трое дзяцей, якіх таксама трэба глядзець. Ніхто з чыноўнікаў гэтую акалічнасьць пад увагу ня браў».

Паводле Гульджаны, вясковыя школы маюць вельмі своеасаблівую кадравую палітыку

«Мне сказалі, што ў мяне спэцыялізацыі на выкладаньне інфарматыкі няма. Але на маё месца бяруць хіміка, загружаючы яго маімі гадзінамі, — зьдзіўляецца яна. — У школе нямала прадметаў, якія вядуць не спэцыялісты. Мне даводзілася выкладаць мэдыцыну, бо я лейтэнант запасу пасьля ўнівэрсытэту. Даводзілася выкладаць ангельскую мову для аднаго вучня. І калі я выручала школу — гэта было нармальна, а калі паўстала пытаньне, каб мяне звольніць, то асабліва не задумваліся».

Дырэктарка школы: Разыевай прапаноўвалі працу. Яна адмовілася

Дырэктарка Эсьмонскай школы Людміла Салавей сказала, што перадузятага стаўленьня да Гульджаны Разыевай не было. Па словах кіраўніцы навучальнай установы, свае абавязкі настаўніца выконвала. Звальненьне пэдагога Людміла Салавей патлумачыла скарачэньнем ставак для настаўнікаў.

«Цяпер у школе 43 чалавекі. Стаўкі сацыяльнага пэдагога ў нас няма. А паколькі сёлета мы не набіралі 10 клясы, то і стаўкі для настаўніка інфарматыкі таксама няма. Па яе спэцыяльнасьці настаўніка фізыкі вакансіяў гэтак жа няма. Аддзел адукацыі райвыканкаму Разыевай прапановаў стаўку сацыяльнага пэдагога, але яна адмовілася», — кажа Людміла Салавей.

У раённым аддзеле адукацыі пытаньне пра беспрацоўе Разыевай параілі адправіць ім пісьмова.

Са слоў настаўніцы, у яе былі гутаркі з чыноўнікамі аддзелу адукацыі, але пісьмовых адказаў на свае пытаньні ад іх яна не дачакалася.

Неафіцыйна, кажа Разыева, чыноўнікі раілі пагадзіцца на працу сацыяльным пэдагогам у дзіцячым прытулку, бо ў такім выпадку яна будзе побач з адукацыяй, і калі зьявіцца вакансія, то зможа ўладкавацца па сваёй спэцыялізацыі. Іншых настаўніцкіх вакансіяў у раёне для шматдзетнай маці няма.

Калі людзей маюць за дурняў, то чаму яны з гэтым згаджаюцца?

Гульджана настойвала, што засталася бяз працы празь «неўласьцівыя» для раённых рэаліяў паводзіны. Як новы ў Бялынічах чалавек яна не змагла маўчаць там, дзе маўчалі іншыя. Такая пазыцыя, казала суразмоўніца, раздражняла чыноўнікаў аддзелу адукацыі, таму ад яе і пазбавіліся.

«Маючы стасункі з жыхарамі Менску і Магілёва, я бачыла, што яны іначай жывуць і думаюць, чым у Бялынічах, — кажа Гульджана. — У тым жа Магілёве бацькі пакрыўджаных дзяцей і настаўнікі не паводзяць сябе гэтак пасіўна. Спрабуюць бараніцца. Тутэйшае ж жыцьцё хранічна нэгатыўнае. Але, як ні дзіўна, зь цягам часу вастрыня ўспрыманьня такой сытуацыі пачала прытупляцца і ў мяне».

Муж Гульджаны Разыевай — Пётар Шымбалёў

Гульджана Разыева лічыць, што раённаму аддзелу адукацыі нявыгадна трымаць настаўнікаў на паўстаўкі, бо тады зьніжаюцца паказьнікі па заробках.

«Заробак ня будзе дацягваць да 500 даляраў, і выходзіць, што паводле заканадаўства я нібыта маю права працаваць на палову стаўкі, а фактычна мяне гэтага права пазбавілі, — кажа яна. — Бацькам жа, якія хацелі б, каб іхныя дзеці вучыліся ў старэйшых клясах, таксама не пакідаюць шанцаў. Ім застаецца самім шукаць школы зь „неаптымізаванымі“ клясамі і туды вазіць дзяцей. Бацькі не наважваюцца пратэставаць супраць такой сытуацыі».

Гульджана запэўнівае: жалю, што прыехала ў Беларусь і акунулася ў нязвыклае для сябе асяродзьдзе, пакуль няма. У любой краіне, кажа яна, ёсьць свае цяжкасьці. Спадзяецца, што і на радзіме мужа знойдзе сабе годны занятак.