На думку спартыўных экспэртаў, у беларусаў ёсьць шанец зачапіцца за выніковыя ачкі. Напярэдадні трэнэрскія штабы сапернікаў абвясьцілі сьпісы заяўленых гульцоў і, як аказалася, за «кананіраў» будзе выступаць фактычна запасны склад.
У прыватнасьці, у Беларусь не прыляцелі 10 футбалістаў асновы, сярод іх — Алексіс Санчэс, Эктар Бэерын, Аляксандар Ляказэт, Нача Манрэаль, Сэад Колашынац, Мэсут Эзіл, Алекс Іўобі, Пэтар Чэх, Ляран Касьцельны, Аран Рэмзі.
Прычыну такога рашэньня Арсэна Вэнгера, настаўніка «Арсэналу», тлумачыць брытанскае выданьне Daily Mail. Нават разумеючы, што на коне месца ў турнірнай табліцы, галоўны трэнэр быў вымушаны даць адпачыць вялікай групе гульцоў: за шэсьць дзён каманда згуляе 3 матчы (з улікам матча ў Барысаве) і ляцець дзеля наступнага амаль 2,5 тысячы міль выглядала занадта ахвярнай задумай.
Пасьля першага туру ў групе Н «Арсэнал» разьмясьціўся на першай пазыцыі з 3 ачкамі. БАТЭ і сэрбская «Црвена Зьвезда» у дэбютным матчы згулялі ўнічыю і маюць па адным ачку. У нямецкага «Кёльна» выніковых балаў пакуль няма.
Журналісты абураныя беларускім перакладчыкам
Дарэчы, беларускія журналісты выказваюць вялікія прэтэнзіі да арганізатараў прэсавай канфэрэнцыі з удзелам Вэнгера. На іх думку, якасьць працы перакладчыка не вытрымлівае ніякай крытыкі — чалавек не валодае элемэнтарным наборам футбольнай лексікі.
Венгер сустрэўся з Глебам
Учора Арсэн Вэнгер сустрэўся ў Менску з колішнім сваім гульцом Аляксандрам Глебам — за лёнданцаў найлепшы футбаліст Беларусі выступаў у 2005-2008 гадах. Раней Глеб выказаў жаданьне згуляць у складзе БАТЭ супраць «Арсэналу», аднак адміністрацыя барысаўскай каманды ў такой просьбе яму адмовіла.