Яна падкрэсьлівае, што гэты сьпявак дазваляе сабе зьняважлівыя выказваньні пра Беларусь і беларусаў і што ёсьць агульнадаступная інфармацыя пра ягоны ўдзел у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне на баку незаконных фармаваньняў. Таму канцэрт, заплянаваны на 23-га кастрычніка, трэба адмяняць.
«Аб’ява пра канцэрт «Эх, разгуляемся!» зьмешчана на сайце абласной філярмоніі, і мне каштавала немалых высілкаў высьветліць, хто рэгулюе канцэртную дзейнасьць у Віцебску. Аказваецца, аблвыканкам, і ў прыватнасьці ідэалягічны адзьдзел. Ці там ня ведаюць, што гэта за сьпявак? Творчасьць Віктара Каліны супярэчыць нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, яна ня мусіць прапагандавацца дзяржаўнымі структурамі. Але ў Віцебску ягоны выступ анансуецца як «Фэстываль шансону і добрай песьні», — адзначае Тацяна Севярынец.
Між тым на сваім сайце Віктар Каліне адкрыта зьмяшчае правакацыйныя выказваньні, дзе ўхваляе ДНР і ЛНР, ужывае нецэнзурныя выразы ў адрас беларускіх «патрыётаў» і «нацыяналістаў», палохае грамадзян Беларусі аповедамі пра існаваньне міфічных паўвайсковых фармаваньняў, якія нібыта рыхтуюць дзяржаўны пераварот...
Ня першае патрабаваньне забараніць канцэрт Каліны
У Віцебску ўжо ня раз пратэставалі супраць выступаў спадара Каліны. У студзені супраць канцэрту сьпевака публічна выступіў Сяргей Сясіцкі. Ён апэляваў да ўказу № 542 Аляксандра Лукашэнкі, згодна зь якім на тэрыторыі краіны забароненыя мерапрыемствы, якія нясуць «пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, маральнасьці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян».
Дзякуючы неабыякавасьці спадара Сясіцкага, тады высьветлілася, што Віктар Каліна зьбіраўся гастраляваць па Віцебшчыне, ня маючы адпаведных дакумэнтаў. І паведамленьні пра гастрольны тур зьніклі з асабістага сайту сьпевака. Аднак на ім зьявіліся пагрозы і зьнявагі на адрас Сяргея Сясіцкага, які настойваў, што выступы Каліны трэба забараніць не часова, да атрыманьня ім дазволу на канцэрты, а назаўжды — бо ён зьневажае краіну, у якой жыве і зарабляе сваімі сьпевамі.