Адзначаецца, што ён памёр ад натуральных прычын у акружэньні блізкіх і сяброў у сваім асабняку ў Лос-Аджэлесе 27 верасьня.
Гэфнэр хацеў, каб яго пахавалі побач з магілай Мэрылін Манро, аголеныя фатаздымкі якой зрабілі папулярным першы выпуск часопіса Playboy у 1953 годзе.
Playboy пачынаўся з фота аголенай Мэрылін Манро
Гʼю Гэфнэр нарадзіўся ў 1926 годзе. Падчас Другой усясьветнай вайны ён працаваў ваенным карэспандэнтам, а затым уладкаваўся ў часопіс Esquire. Першы выпуск часопіса Playboy Гʼю Гэфнэр падрыхтаваў на ўласнай кухні і выдаў у 1953 годзе. Ён абышоўся яму ў 8 тысяч даляраў, сабраных у 45 інвэстараў. Дата на вокладцы часопіса адсутнічала, бо бізнэсовец ня быў упэўнены, што зможа выпусьціць другі нумар. На развароце было фота аголенай Мэрылін Манро, зробленае да таго, як акторка стала зоркай Галівуду. Дэбютны нумар разышоўся накладам у 50 тысяч асобнікаў, зрабіўшы Гэфнэра сэнсацыяй.
Ужо праз некаторы час Playboy становіцца самым прадаваным мужчынскім часопісам у сьвеце. У 1970-я гады наклады Playboy дасягалі 7 мільёнаў асобнікаў. Аднак у апошнія гады яны не перавышалі 800 тысяч. У 2015 годзе было абвешчана, што Playboy будуць выпускаць бяз здымкаў аголеных жанчын. Праз год часопіс вярнуўся да ранейшага фармату.
Гʼю Гэфнэр увасабляў сэксуальную рэвалюцыю 1960-х гадоў.
У дзень свайго 85-годзьдзя ён заявіў: «Мужчына ніколі не бывае старэйшы за жанчыну, якую ён абдымае».