Улічваючы рост у геамэтрычнай прагрэсіі тых, хто дакладна ведае, як трэба шукаць хлопчыка, вырашыў напісаць гэты пост у фармаце пытаньне-адказ.
1. Ці ўмееце вы наогул шукаць людзей у лесе?
У 2017 годзе МНС удзельнічала ў пошуках 26 заблукаўшых дзяцей. 25 зь іх знойдзеныя, адзін -не. У 2017 годзе МНС удзельнічала ў пошуках 302 заблукаўшых дарослых, 288 зь іх знойдзеныя, 14 — не.
2. Чаму гэты выпадак — асаблівы?
Большасьць дзяцей і дарослых знаходзяцца ў першыя суткі. Вось навіна пра жанчыну, якая тры дні правяла ў лесе. Яе заўважылі мае калегі зь верталёту МНС. Хлопчык ня знойдзены.
3. Пошукі пачаліся са спазьненьнем?
Праца пачалася ў тую ж ноч, калі паступіла паведамленьне. Пацьверджаньне гэтаму — навіна на нашым сайце аб тым, што за адны суткі мы 17 разоў выяжджалі на пошукі. (узрост — апэратыўныя дадзеныя, якія пазьней адкарэктавалі).
4. Чаму адразу на месцы не было тысяч людзей?
Альгарытм любых пошукаў — нарошчваньне сілаў і сродкаў пры адсутнасьці выніку. Ні ў адной краіне сьвету я не сустракаў сытуацый, калі праз 12 гадзін пасьля згубы дзіцяці ў лесе мясцовасьць прачэсваюць тысячы людзей, а неба забітае бесьпілотнікамі і верталётамі. Наш першы борт пачаў працу нягледзячы на небясьпечныя ўмовы надворʼя, калі стала зразумела, што пошукі спэцыялістаў на зямлі ў блізкім радыусе + апытаньні родных і жыхароў вёскі не прынеслі выніку.
5. Дык чаму хлопчык ня знойдзены?
На гэтае пытаньне спрабуюць адказаць экспэрты і «экспэрты». Я не магу ўявіць, што яшчэ павінны зрабіць ратавальнікі і валянтэры ў кантэксьце лясных пошукаў. Адпрацавана ўсё. Ключавыя месцы — двойчы: міліцыя або МНС + добраахвотнікі.
П.С. Кожны раз, калі вы зьбіраецеся зрабіць рэпост на гэтую тэму, проста задумайцеся — ці можа гэты чалавек быць экспэртам? Ці трэба тыражаваць гістэрыю, нянавісьць, распальваньне і пошук вінаватых? Дзякуй за ўвагу.