Выратавальнікі знайшлі сёлета 25 дзяцей, якія згубіліся ў лесе, пошукі працягваліся да сутак

Паводле зьвестак Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, цягам 2017 году ў лясах згубіліся 26 дзяцей, ня знойдзены дагэтуль толькі Максім Мархалюк, які зьнік у Белавескай пушчы.

Таксама ў лясах згубіліся 302 дарослыя жыхары краіны, дагэтуль не знайшліся 14.

«Гэта статыстыка толькі па тых выпадках, калі МНС брала ўдзел у пошуках. Магчыма, у МУС будуць большыя лічбы», — сказаў карэспандэнту Свабоды афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі.

Як доўга шукалі дзяцей у лесе?

«Часьцей за ўсё гаворка ідзе пра тэрмін да сутак. Гэта якраз тычыцца лясных пошукаў, дзе былі задзейнічаныя ратавальнікі».

Наконт таго, ці знойдуць Максіма Мархалюка, Віталь Навіцкі сказаў:

«У мяне няма адказу на гэтае пытаньне. Але там учора працавалі нашы ратавальнікі, у тым ліку на пошуках, і заўтра будуць працаваць».

Ужо 12 дзён запар у Белавескай пушчы ратавальнікі, супрацоўнікі міліцыі і валянтэры шукаюць 10-гадовага Максіма Мархалюка зь вёскі Новы Двор Сьвіслацкага раёну. Паводле кіраўніка Сьвіслацкага раённага аддзелу міліцыі Валерыя Раманчука, за гэтыя дні ўжо абсьледавана тэрыторыя ў радыюсе ня менш як 15 кілямэтраў.

26 верасьня Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу аб зьнікненьні дзіцяці.

10 галоўных фактаў пра зьнікненьне Максіма Мархалюка