Праўленьне Нацыянальнага банку Беларусі вырашыла з 18 кастрычніка зьнізіць стаўку рэфінансаваньня з 11,5 да 11 адсоткаў гадавых.
На сайце Нацбанку паведамляецца, што інфляцыйныя працэсы працягваюць запавольвацца. У жніўні 2017-га ў гадавым вымярэньні прырост спажывецкіх цэн зьнізіўся да 5,3%. Таксама вырасла колькасьць тавараў, цэны на якія вырасьлі ў гадавым вымярэньні менш як на 5%.
У Нацбанку чакаюць, што па выніках году прырост спажывецкіх цэнаў складзе каля 6%, а гэта менш, чым прагназавалася раней.
«У сярэднетэрміновай пэрспэктыве па-ранейшаму ня бачыцца значнай рызыкі для ўзмацненьня інфляцыйнага ціску з боку плацёжнага балянсу. Тэмпы росту грашовай прапановы застаюцца на ўмераным узроўні», — паведамляе Нацбанк.
Апошні раз Нацбанк зьніжаў стаўку рэфінансаваньня 13 верасьня — з 12% да 11,5% гадавых.
«Запавольваньне інфляцыі — гэта вынік нядаўняй рэцэсіі ў эканоміцы»
Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб сказаў Свабодзе, што асноўная прычына такога частага зьніжэньня стаўкі рэфінансаваньня — зьніжэньне інфляцыі, якое адбываецца значна хутчэй, чым прагназавалася.
«Такое нечаканае для саміх уладаў запавольваньне інфляцыі прывяло да такога шматкротнага зьніжэньня стаўкі рэфінансаваньня».
Паводле Вадзіма Іосуба, памылкова зьвязваць зьніжэньне інфляцыі з паляпшэньнем сытуацыі ў эканоміцы.
«Ва ўсім сьвеце зьніжэньне інфляцыі вельмі часта можа быць прыкметай ня моцнай і здаровай эканомікі, а якраз эканомікі, якая запавольваецца і падае. Можа быць прыкметай зьніжэньня даходаў у эканоміцы. А нягледзячы на рост заробкаў у рэальным вымярэньні, грашовыя даходы насельніцтва, якія ёсьць у рэальным распараджэньні, параўнальна зь мінулым годам дагэтуль у мінусе. То бок, як гэта ні парадаксальна, адна з прычынаў запавольваньня інфляцыі — гэта ня рост або нейкія іншыя дасягненьні ў эканоміцы. А, па сутнасьці, гэта вынік яшчэ нядаўняй яе рэцэсіі».