Адзін зь лідэраў «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец атрымаў позву ў суд Цэнтральнага раёну Менску. Працэс аб адміністрацыйным правапарушэньні адбудзецца 2 кастрычніка.
Як мяркуе палітык, яго зьбіраюцца судзіць за ўдзел у акцыі за абарону незалежнасьці і супраць вайсковых вучэньняў «Захад-2017», якая прайшла ў цэнтры Менску 8 верасьня.
Севярынец выступаў з прамовай на прыступках Палацу прафсаюзаў.
«Судзіць у Беларусі за абарону незалежнасьці Беларусі — гэта абсурд», — напісаў Павал Севярынец у Facebook.
Адразу за два «несанкцыянаваныя мерапрыемствы» (15+5 сутак), у тым ліку за шэсьце ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Якуба Коласа 8 верасьня, ужо адбывае пакараньне Мікола Статкевіч.
Раней 7 сутак за тое ж «правапарушэньне» адседзеў Уладзімер Някляеў .
Абодва зьяўляюцца кіраўнікамі Беларускага нацыянальнага кангрэсу, ад імя якога праводзілася акцыя.