Савет Міністраў Беларусі зацьвердзіў Дзяржаўную праграму разьвіцьця і ўтрыманьня аўтамабільных дарог на 2017–2020 гады (PDF).
Кошт праграмы ацэнены ў 5,604 млрд беларускіх рублёў у цэнах на студзень 2017 году (каля 2,875 млрд даляраў паводле студзеньскага курсу Нацбанку).
Больш за палову плянуецца атрымаць з рэспубліканскага бюджэту (там ёсьць дарожны фонд), яшчэ каля траціны — узяць у крэдыт у камэрцыйных банках, астатняе дабраць зь мясцовых бюджэтаў небюджэтнага інвэстыцыйнага фонду Міністэрства транспарту і рэспубліканскіх дарожных гаспадарак.
З дарогамі ня ўсё добра
Як адзначае Саўмін, з 1997 году ў Беларусі амаль утрая павялічыўся «ўзровень аўтамабілізацыі насельніцтва, але працягласьць дарог агульнага карыстаньня павялічылася толькі ў 1,6 раза (практычна перастала расьці з пачатку 2000-х), а аб’ём фінансаваньня (без улікаў крэдытаў) — у 1,5 раза. Аб’ём дарожных работ зьменшыўся за 20 гадоў у 3,6 раза.
З амаль 87 тысяч кілямэтраў дарог агульнага карыстаньня 11,5 тысячы ня маюць цьвёрдага пакрыцьця (усе грунтовыя — мясцовыя, але не рэспубліканскія). З 16 тысяч кілямэтраў рэспубліканскіх дарог 29,7% не адпавядаюць нормам, з 71 тысячы км мясцовых 30% патрабуюць рамонту, больш за 64% маюць абмежаваньне на вагу машынаў. Барацьба са штогадовым псаваньнем дарог вядзецца несвоечасова, зь мясцовых дарог 94% эксплюатуюцца «зь перавышэньнем міжрамонтных тэрмінаў».
Куды пойдуць грошы
Асноўная частка грошай — 4,173 млрд рублёў — пойдзе на «разьвіцьцё і ўтрыманьне» рэспубліканскіх дарог, яшчэ 1,432 млрд хочуць накіраваць на «рамонт і ўтрыманьне» мясцовых.
На рэспубліканскіх дарогах плянуюць стварыць інтэлектуальную транспартную сыстэму зь відэаназіраньнем і мэтэаманіторынгам, адсочваньнем транспартных плыняў у рэальным часе, кіраваньнем рухам праз «знакі зьменнай інфармацыі», электроннай сыстэмай платы за праезд і іншым. Укараніць сыстэму зьбіраюцца перадусім на трасе М-1, што ідзе зь Берасьця ў бок Смаленску.
Да 2020 году зьбіраюцца правесьці, паводле адной падпраграмы, бягучы рамонт і рэканструкцыю 7000 мясцовых дарог (687,7 км — капітальны рамонт) і 1317 пагонных мэтраў мастоў, паводле іншай праграмы заплянаваны бягучы рамонт 4000 км рэспубліканскіх дарог і 7200 пагонных мэтраў мастоў, а таксама капітальны 200 км дарог і 4500 пагонных мэтраў мастоў. Рэканструяваць за кошт крэдытаў зьбіраюцца ўчасткі трасаў М-6, М-7, Р-16, Р-23, Р-58 і Р-80.
Была і больш грандыёзная праграма, ды ня ўсё атрымалася
У 2014 годзе была прынятая праграма разьвіцьця і ўтрыманьня дарог Беларусі на 2015–2019 гады (PDF). На яе плянавалася выдаткаваць за ўвесь час 75 трлн недэнамінаваных рублёў, або 6,852 млрд даляраў на момант прыняцьця праграмы. Цяпер яна скасаваная.
У той праграме прызнавалася, што патрабаваная эфэктыўнасьць мінулай праграмы на 2006–2015 гады не была дасягнутая, заставалася 3,4 тысячы км дарогаў у нездавальняючым стане. Але і тая праграма была «недавыкананая»: зь 7 плянавых паказьнікаў выканалі 5, правалілі паказьнікі бягучага і капітальнага рамонту. Але міжведамасная камісія дала здавальняючую ацэнку эфэктыўнасьці праграмы ў 2016 годзе.