Сёньня ён — вядомы беларускі топ-мэнэджар. Да гэтага пасьпеў пабыць музыкам, палітыкам, грамадзкім дзеячом, блогерам. І ўва ўсім, за што браўся, наш зямляк здолеў пакінуць грунтоўны сьлед. А яму яшчэ толькі 34.
Міхаіл узначальвае самую пасьпяховую беларускую дошку аб’яваў, якую прафэсіяналы называюць classified-рэсурсам. Яна належыць аднаму з найбуйнейшых скандынаўскіх мэдыяканглямэратаў. За 4 гады Сэндэру ўдалося вывесьці віртуальную дошку аб’яваў у топ-3 найпапулярнейшых у Беларусі сайтаў. «Куфар» наведвае паўмільёна чалавек штодня, а 96% беларусаў, паводле Сэндэра, чулі пра гэты рэсурс.
Нігерыйскі ўрок капіталізму
Гісторыя Міхаіла Сэндэра пачалася ў Менску на пачатку 1980-х. Але ўжо ў 4 гады разам зь сям’ёю зьехаў з роднага гораду ў Нігерыю, дзе бацька атрымаў працу перакладніка на савецкай базе.
«Мой тата быў першым і бадай адзіным грамадзянінам БССР, які атрымаў магчымасьць працаваць за мяжой, ня будучы сябрам КПСС. Гэта дзякуючы дзеду, які быў у ЦК КПБ», — распавядае Міхаіл.
Там ён вывучыў ангельскую мову і ўпершыню пабачыў, што такое капіталізм, які будавала новая ўлада. Калі ў 7 гадоў ён вярнуўся ў Менск, то дыснэеўскія пэрсанажы і атрыбуты заходняга сьвету, абсалютна новыя для ягоных аднагодак у Беларусі, былі для Міхаіла як старыя знаёмыя.
Падарожжы і жыцьцё за мяжой сталі для Міхаіла нормай. Пасьля Афрыкі ён наведаў з паўтузіна краінаў, а ў 13 гадоў разам з мамай пераехаў у Швэцыю.
Швэдзкі трамплін
«У Швэцыі я адразу адчуў, што мне там камфортна і што гэтая культура мне блізкая, — апавядае Міхаіл. — Зачапіла тое, наколькі добра ўсё працуе. Наколькі эфэктыўна пабудаванае грамадзтва. Швэцыя ўразіла адладжанасьцю. Нас, беларусаў, называюць часта памяркоўнымі, але ў швэдаў сапраўдная памяркоўнасьць. Яны спакойныя і з павагай ставяцца да іншых, не асуджаюць, халодныя і ветлівыя».
У новай краіне юнак не разгубіўся. Разам зь сябрамі стварыў гурт Dreamgale, які выдаў некалькі кружэлак і даваў канцэрты. Іхная музыка гучала на FM-станцыях.
За сабою наш зямляк мае і пасьпяховы палітычны досьвед. У студэнцкія гады ён стаў сябрам Лібэральнай партыі Швэцыі і нават быў у кіраўніцтве партыі ў сваім горадзе.
«Але ў нейкі момант я вырашыў, што гэта не зусім маё. Я зразумеў, што каб дабівацца посьпеху ў палітыцы, нельга быць ідэалістам. Трэба выходзіць і казаць на сцэне ня тое, што думаеш, а што хочуць пачуць людзі. Мне гэтыя гульні не падабаюцца. Так, я хачу ўплываць на грамадзтва, зьмяняць яго, дапамагаць яму, але я бачу, што праз палітыку гэта часам зрабіць складаней, чым празь бізнэс, рэкляму ці СМІ».
Міхаіл паступіў у Стакгольмскую бізнэс-школу і вывучаў там мэнэджмэнт. Знаходзіў час і на дзейнасьць у справах беларускай дыяспары. Яго найгучнейшай ініцыятывай была спроба навучыць швэдаў казаць «Беларусь», а не «Vitryssland» (у літаральным перакладзе — Белая Расея).
«Гэта практычна-гігіенічнае пытаньне. Гэта пытаньне, якое робіцца важным, калі ты жывеш у эміграцыі. Калі табе прыходзіцца ўвесь час тлумачыць хто ты, гэта робіцца вельмі праблемным, калі твая краіна называецца Белая Расея. Стэрэатыпы наконт Расеі пераважна нэгатыўныя, і яны перакладаюцца на нас. Беларусы за мяжой пакутуюць ад гэтага штодзень».
Поўнай перамогі беларусы Швэцыі пакуль не дамагліся. Аднак цяпер сытуацыя выглядае значна лепш, чым раней. МЗС Швэцыі, якое вызначае назвы дзяржаваў, пагадзілася на кампраміс — дадаць назву Беларусь у афіцыйны пералік. Гэта першы і адзіны выпадак у гісторыі, калі ўлады дадалі другую назву дзяржавы.
«„Белую Расею“ яны пакуль пакінулі. Але вельмі прыемна, што некалькі буйных СМІ абралі толькі форму Беларусь. Я заўважаю падчас размоваў са швэдамі, што яны ўжо ведаюць назву Беларусь. І ў грамадзтве гэта ўжываецца. Але мы хочам адстаяць поўную зьмену назвы», — гаворыць Міхаіл.
«Я магу даць Беларусі больш, чым Швэцыі»
Да прыезду ў Менск і працы ў «Куфры» Сэндэр пасьпеў некалькі гадоў папрацаваць для францускай прадусарскай кампаніі Zodiak Media. На пытаньне, чаму вянуўся ў Беларусь, Міхаіл безь зьдзіўленьня адказвае:
«Беларусь — нядрэнная краіна. Шмат над чым трэба працаваць. Але маем магчымасьць разьвіваць свае таленты, зарабляць грошы, дабівацца нейкіх вышыняў. Мне цікава рабіць уклад у разьвіцьцё гэтай краіны. Патэнцыял для паляпшэньня рынку і дэмакратыі ў Беларусі большы, чым ў Швэцыі, бо там усё працуе пакаленьнямі. Мне як чалавеку, які шмат дзе працаваў і жыў і бачыць сытуацыю з розных ракурсаў, нават цікавей працаваць у такой краіне. Ведаю, што магу даць Беларусі больш, чым Швэцыі».
Калі кампанія Міхаіла ўваходзіла ў Беларусь, то ў краіне было шмат classified-рэсурсаў. Але камандзе Сэндэра ўдалося захапіць вялікую долю рынку. Сёньня на «Куфры» штодня зьяўляецца 60 тысяч новых абвестак.
«Тут няма ніякай інтрыгі, — тлумачыць свой посьпех Сэндэр. — Гэта звычайная пляцоўка для куплі-продажу тавараў. Такія рэчы папулярныя паўсюль. Беларусь тут не выключэньне. Я ганаруся тым, што там удалося дасягнуць. Амаль усе беларусы ведаюць, што такое „Куфар“».
Весьці бізнэс у Швэцыі Міхаілу было б шматкроць прасьцей, чым у Беларусі. Там не даводзіцца мець справаў з чынавенствам, з чэргамі, каб зарэгістравацца ці атрымаць даведку. Амаль усё працуе праз інтэрнэт.
«Ёсьць таксама тое, чаго не хапае ў Беларусі: чалавечы падыход. Цябе выслухаюць, хочуць зразумець сутнасьць тваёй патрэбы. Усё вырашаецца значна прасьцей. Ня трэба тыднямі хадзіць і чакаць», — кажа Сэндэр.
Але большую частку году Сэндэр праводзіць усё ж у Беларусі. Часта даводзіцца прымаць у Менску замежных гасьцей. Міхаіл любіць паказваць ім Менск, апавядаць пра горад і беларускую гісторыю.
«Калі людзі прыяжджаюць з Заходняй Эўропы, то іхныя чаканьні звычайна ніжэйшыя, чым рэальнасьць. Зьяжджаюць у захапленьні. Толькі іх зьдзіўляе, што ў Эўропу даводзіцца ехаць зь візай. І потым іх уражвае, калі яны бачаць модна апранутую і вясёлую моладзь на менскіх вуліцах, бачаць добрыя кавярні і рэстарацыі, бачаць прывабны Менск. Кажуць, што ў нас бясьпечна. Ёсьць шмат пазытыву», — распавядае Сэндэр.
Ідэнтычнасьць — зброя незалежнасьці
Міхаіл цудоўна гаворыць па-беларуску. Больш за тое — карыстаецца тарашкевіцай. Як сам прызнаецца, дзякуючы ў тым ліку і Радыё Свабода. І хаця ён называе сябе касмапаліт, дадае, што паходжаньне для чалавека вельмі важнае. Гэтую важнасьць ён адчуў падчас эміграцыі зь Беларусі.
«Людзі жывуць у Беларусі з паранармальным станам самасьвядомасьці. Яны не трапляюць у жыцьці у канфрантацыю зь нечым іншым. Яны не знаходзяцца ў стане вайны, каб гэта вызначала патрэбу сьвядомасьці. Падчас вайны гэтае пытаньне вельмі важнае, яно сьведчыць, на якім ты баку. У нейкай вёсцы ў Беларусі ніхто не пытае пра нацыянальнасьць ці пра мову. А за мяжою пытаюць. І нават калі ты гэтага ня хочаш, ты робісься амбсадарам сваёй краіны».
Паводле Сэндэра, пытаньне ідэнтычнасьці — палітычнае. У краінах, дзе незалежнасьць здабывалася цяжка, ідэнтычнасьць робіцца інструмэнтам абароны незалежнасьці.
«Над нашай краінай вечна вісіць дамоклаў меч пазбаўленьня незалежнасьці. І таму нацыянальная ідэнтычнасьць ёсьць хоць нейкай гарантыяй. Пакуль ёсьць мова, пакуль ёсьць гісторыя, сымбалі і вышыванка, ёсьць падставы абараняць гэтую незалежнасьць», — гаворыць Міхаіл.
Міты, якія замінаюць ісьці наперад
Свой уклад у гігіену сьвядомасьці Міхаіл робіць сваім папулярным блогам «Антыміт». Ягоныя артыкулы пра мэтады прапаганды чытае шматтысячная аўдыторыя, людзі дзеляцца тэкстамі ў сацыяльных сетках. Менавіта міты, лічыць Сэндэр, шмат у чым замінаюць беларусам ісьці наперад.
«Адзін з наймацнейшых мітаў у беларусаў — міт пра Захад: маўляў, гэта геаграфічная адзінка. Але заходняя культура і каштоўнасьці ня маюць геаграфіі і нацыянальнасьці. Гэта склад розуму, — кажа Сэндэр. — Беларусы кажуць, што яны жывуць у цэнтры Эўропы, але пры тым размаўляюць пра Эўропу, нібыта гэта дзесьці там і туды можна зьехаць. Калі чалавек думае, што ёсьць Захад, куды можна зьехаць і ўсё стане добра, у яго будзе бракаваць матывацыі, каб укладаць душу ў разьвіцьцё свайго грамадзтва. І калі ён зьяжджае, то бачыць, што там зусім ня так, што там трэба працаваць, у тым ліку і над сабою. І тады ў яго можа разьвіцца іншы міт — што гэта „Гейропа“ і што не патрэбныя вы мне. Чым лепш мы зразумеем рэчы загадзя і ня будзем сябе накручваць, тым разумнейшыя будуць нашыя ўчынкі».
Сакрэт посьпеху паводле Міхаіла Сэндэра — гэта безупынная праца над сабою. Калі ты лічыш, што немцы, швэды ці італьянцы паводзяць сябе файна, кажа ён, то ніхто табе не забараняе быць такімі ж.
«Спрабуй, вывучай іх досьвед і будзь такім. Кожны гэта можа зрабіць. А калі некаму гэта не ўдаецца, то, значыць, людзі лянуюцца над сабою працаваць».
Пярэчу на гэта Міхаілу, што лёгка так казаць з пэрспэктывы Швэцыі, дзе не было войнаў, таталітарызму, генацыду і аўтарытарызму ў XXI стагодзьдзі.
«Быць багатым або ветлівым — гэта дзьве розныя рэчы, — адказвае Сэндэр. — Калі ты бедны, гэта ня значыць, што ты ня можаш быць ветлівым».
Але і наконт эканомікі Міхаілу ёсьць што адказаць. Ён узгадвае прыклад Фінляндыі, якая пацярпела паразу ў вайне і была разбураная, але не атрымала падтрымкі пляну Маршала. Гэта не перашкодзіла ёй быць сёньня адной з самых багатых і адукаваных краінаў сьвету.
«Фіны мелі матывацыю і мэтанакіраванасьць праводзіць рэформы. Вазьміце Эстонію, постсавецкую краіну, якая паказвае неверагодныя посьпехі. Яны заўсёды хочуць быць першымі ды інавацыйнымі. А ўвогуле самыя пасьпяховыя краіны — краіны Поўначы, дзе цяжкі клімат, няма прыродных рэсурсаў, кепская глеба. На халяву там нічога ніхто не атрымае. Там трэба працаваць. Магчыма, гэта стымул прагрэсу», — дадае Сэндэр.
Нацыянальная ідэя для Беларусі паводле Сэндэра
Міхаіл незвычайны аптыміст. Ён лічыць, што нягледзячы на кансэрвацыю паўсавецкага строю, беларускае грамадзтва расьце як трава праз асфальт і разьвіваецца. Больш за тое, паводле яго, гэтыя зьмены відаць больш, чым нават у Гішпаніі. І гэта нахняе Сэндэра.
Напрыканцы размовы прашу Міхаіла сфармуляваць нацыянальную ідэю і мэту для Беларусі. Наш герой спрабуе выкруціцца, кажучы, што ня любіць ідэалёгіяў, але пагаджаецца даць палёт фантазіі:
«Калі маеш фірму, якая робіць шкляныя слоікі, то рабі найлепшыя слоікі на сьвеце. Не шукай апраўданьняў, што яны ня могуць быць найлепшымі. Хочаш дамагчыся нечага, то ўкладай у гэта грошы. Распрацоўвай найлепшыя слоікі, а не змагайся за тое, каб шмат гадоў прадаваць кепскія».
Перабіваю Міхаіла і нагадваю яму, што ня кожны можа мець сям’ю, якая ў стане падарожнічаць па сьвеце, навучаць дзіця замежным мовам і паспрыяць вучобе ў Стакгольмскай бізнэс-школе.
«Не кажу, што мне не пашанцавала ў жыцьці. Але жыцьцё не заўсёды справядлівае. І некаторым трэба прыкласьці больш намаганьняў, каб дабіцца таго, што іншы мае ў спадчыну. Я бачыў вельмі шмат разумных людзей, якія нарадзіліся ў добрых сем’ях і мелі ўсе магчымасьці сябе рэалізаваць, але яны зусім сябе не рэалізавалі. І я бачыў людзей, у якіх нічога не было і якія сябе рэалізавалі напоўніцу. Працуючы над сабою, можна шмат чаго дасягнуць нават у няроўных умовах. Трэба ставіць амбітныя мэты. Але дзеля гэтага ня трэба мець швэдзкую адукацыю, ня трэба мець нават проста вышэйшай. Кожны можа рабіць уклад у грамадзтва».