Facebook у Расеі могуць заблякаваць у 2018 годзе

Кіраўнік Раскамнагляду Аляксандар Жараў

Фэдэральная служба Расеі для нагляду ў сфэры сувязі, інфармацыйных тэхналёгіяў і масавых камунікацыяў (Раскамнагляд) можа заблякаваць сацыяльную сетку Facebook у 2018 годзе, калі кампанія не пагодзіцца пераносіць дадзеныя расейскіх карыстальнікаў на тэрыторыю Расеі. Пра гэта заявіў у інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс» кіраўнік нагляднага органу Аляксандар Жараў.

Чыноўнік паведаміў, што блякаваньне Facebook можа быць праведзена паводле такога самага сцэнару, як і ў выпадку з LinkedIn. Жараў падкрэсліў, што «выключэньняў няма», пры гэтым адзначыўшы, што ў 2017 годзе сацыяльную сетку не плянуюць правяраць на адпаведнасьць расейскаму заканадаўству.

Закон аб захоўваньні пэрсанальных дадзеных расейцаў у Расеі дзейнічае ад верасьня 2015 году. Ён абавязвае кампаніі захоўваць і апрацоўваць пэрсанальныя дадзеныя грамадзянаў Расеі на тэрыторыі краіны. У адваротным выпадку Раскамнагляд можа заблякаваць доступ онлайн-рэсурсаў, якія падпадаюць пад дзеяньне закону. У 2016 годзе ў Расеі ўпершыню заблякавалі буйную сацыяльную сетку LinkedIn.