Палестынец застрэліў траіх ізраільцянаў. Хамас заявіў пра новую інтыфаду

Ізраільскія сілы бясьпекі на месцы забойства ізраільцянаў на Заходнім беразе Ярдану, 26 верасьня 2017

У селішчы Гар-Адар на Заходнім беразе ракі Ярдан узброены палестынец застрэліў двух ахоўнікаў і байца памежнай паліцыі, цяжка параніў яшчэ аднаго чалавека.

Паліцыя разглядае напад як тэрарыстычны акт.

Паводле дадзеных паліцыі Ізраілю, узброены чалавек падышоў да вайскоўцаў разам з групай палестынцаў, якія працуюць у паселішчы.

Ён выклікаў падазрэньне ахоўнікаў, якія спынілі яго для дагляду. У гэты момант ён выхапіў пісталет і практычна ва ўпор пачаў страляць. Супрацоўнікі ізраільскіх сілаў бясьпекі некалькі разоў стрэлілі ў нападніка, пазьней ён памёр ад ранаў.

Паводле ізраільскіх СМІ, гэта 37-гадовы бацька чацьвярых дзяцей з дазволам на працу ў Ізраілі.

Рух ХАМАС заявіў, што гэты напад — новы этап інтыфады, узброенай барацьбы супраць Ізраілю.