Пуцін губляе генэралаў: Асапава, які загінуў у Сырыі, называлі камандуючым корпусу «ДНР»

Уладзімір Пуцін і Валерый Асапаў, які перад тым атрымаў з рук расейскага прэзыдэнта ордэн «За заслугі перад Айчынай». Крэмль, 2013 год

Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла, што ў Сырыі, у раёне горада Дэйр-эз-Зор, у выніку мінамётнага абстрэлу загінуў генэрал-лейтэнант Валерый Асапаў, кіраўнік групы расейскіх вайсковых дарадцаў, якія дапамагаюць арміі Башара Асада.

Асапаў стаў самым высокапастаўленым расейскім вайскоўцам, якія загінулі ў Сырыі. Да таго, як Расея пачала ўдзельнічаць у сірыйскім канфлікце, ён, паводле непацьверджаных дадзеных, камандаваў 1-м армейскім корпусам «Арміі ДНР».

У паведамленьні Міністэрства абароны Расеі гаворыцца, што Валеры Асапаў атрымаў сьмяротнае раненьне на камандным пункце падчас баёў за канчатковае вызваленьне Дэйр-эз-Зора і яго ваколіц ад атрадаў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Супраць «Ісламскай дзяржавы» цяпер з аднаго боку вядуць баі сырыйская ўрадавая армія і расейскія вайскоўцы, а з другога — кааліцыя арабскіх і курдзкіх паўстанцкіх фармаваньняў, якіх падтрымліваюць Злучаныя Штаты. «Генэрала літаральна разарвала, ад чалавека нічога не засталося», — апісвае тое, што здарылася, крыніца расейскага «Коммерсанта».

Дата сьмерці Асапава афіцыйна не называецца. Паводле радыёстанцыі «Говорит Москва» і інстаграм-акаўнту расейскай дзяржаўнай аўтаінспэкцыі, гэта здарылася ў суботу, 23 верасьня. Незалежныя экспэрты з дасьледчай групы Conflict Intelligence Team дапускаюць, што Асапава забілі на тыдзень раней, 16 верасьня, разам з двума іншымі расейскімі вайскоўцамі, якія трапілі ў засаду.

Валерый Асапаў скончыў Разанскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча паветрана-дэсантных войскаў, пачаў ваёсковую кар’еру ў 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі ў Пскове, быў паранены ў нагу падчас першай чачэнскай вайны, пры штурме Грознага ў 1995 годзе. Служыў у міратворчых сілах у Абхазіі, удзельнічаў у другой чачэнскай, камандаваў 18-й кулямётна-артылерыйскай дывізіяй на Курыльскіх выспах. Пасьля заканчэньня акадэміі Генштабу Расеі і атрыманьня генэрал-маёрскага званьня ўзначальваў 37-ю асобную гвардзейскую мотастралковую брыгаду і 68-ы армейскі корпус.

У сакавіку 2016 году прэс-служба ўкраінскай вайсковай выведкі паведаміла пра тое, што генэрал-маёр Асапаў пад прозьвішчам «Прымакоў» прыбыў у Данецк і камандуе 1-м армейскім корпусам «Узброеных сіл ДНР». Першыя згадкі Асапава ў кантэксьце расейска-ўкраінскага канфлікту былі на пачатку 2016 году — паводле інфармацыі ўкраінскай групы «Інфармацыйны супраціў», ён, у прыватнасьці, быў датычны да перакіданьня войскаў і тэхнікі праз расейска-ўкраінскую мяжу на Марыюпальскім кірунку. Па стане на кастрычнік 2016 году Валерый Асапаў служыў ва Усходняй вайсковай акрузе Расеі камандуючым 5-й арміяй. У Сырыі ён правёў крыху менш за год.

***

Пра сьмерць генэрала Асапава і пра апошнія падзеі ў сырыйскім канфлікце Радыё Свабода расказаў экспэрт Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў: