Як паведамляе праграма Радыё Свабода «Настоящее время», відэа было апублікаванае карыстальнікам зь нікам «Арцём Лебедзеў», у якога больш ніякіх ролікаў няма.
На відэа артыст сьцьвярджае, што ён зьехаў у Нямеччыну. На запісе Бакаеў знаходзіцца ў пакоі з зачыненымі вокнамі. Ён распавядае, што «ўжо дзесьці зь сярэдзіны жніўня дабраўся да Нямеччыны» і пасяліўся ў сябра. Відэа адрасаванае мужчыну, якога завуць Іслам і які, паводле словаў чалавека на запісе, жыве ў Галяндыі.
«Ні ў Грозным, ні ў Маскве абсалютна рабіць няма чаго. Бо гэта прыдуркі яшчэ тыя. Тут рэальна народ абсалютна іншы — выходзіш на вуліцу, усе табе ўсьміхаюцца. Абсалютна іншы сьветапогляд у людзей», — кажа чалавек на відэа.
На відэа на стале ў сьпевака стаіць энэргетычны напой Drive Me. У прэсавай службе расейскага падразьдзяленьня кампаніі Pepsico заявілі, што гэтага напою няма на нямецкім рынку.
Крыніцы Радыё Свабода са спасылкай на сяброў Бакаева паведамілі, што на відэа, хутчэй за ўсё, ня ён. «На відэа бачна, што прычоска не такая, барада не такая», — распавёў суразмоўца Радыё Свабода. Сябры сьпевака таксама запэўніваюць, што ён ня змог бы хавацца ад маці, ведаючы, што яна зьвярнулася па дапамогу да кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава.
Бакаеў зьнік 8 жніўня ў Грозным, куды ён прыехаў з Масквы на вясельле сястры.
Ён павінен быў вярнуцца ў Маскву 9 жніўня, але ў цэнтры гораду яго нібыта затрымалі людзі ў вайсковай форме. Блізкія сьпевака называлі іх прадстаўнікамі спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня «Терек». Выкраданьне таксама зьвязвалі з дэпутатам Думы Адамам Дэлімханавым. Сябры Бакаева сьцьвярджалі, што сьпевака трымаюць у сакрэтнай турме.
Міністар нацыянальнай палітыкі Чачэніі Джамбулат Умараў назваў «глупствам» паведамленьні аб зьнікненьні Зэлімхана Бакаева. Чыноўнік заявіў, што сьпявак знойдзецца «празь некаторы час».
«Хлопец не вахабіт, ня тэрарыст, ні ў якіх гісторыях не замешаны. Ніякія органы яго не забіралі, нікому ён сто гадоў не патрэбны», — пракамэнтаваў міністар.
Бакаеў выступаў з канцэртамі ў Дагестане, Інгушэціі і Маскве. Пераважна сьпявае на чачэнскай.