Сэр Элан Данкан, міністар у справах Эўропы і Амэрыкі, будзе першым міністрам брытанскага ўраду, які наведае Беларусь за ўсе гады яе незалежнасьці. Візыт адбываецца з нагоды 25-годзьдзя дыпляматычных дачыненьняў паміж Вялікабрытаніяй і Беларусьсю.
Падчас свайго візыту міністар сустрэнецца з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем. Ён таксама пагаворыць з палітычнымі лідэрамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.
Візыт міністра дазволіць абедзьвюм краінам умацаваць дачыненьні і разьвіць супрацоўніцтва ў справе ўмацаваньня бясьпекі і зьмяншэньня напружаньня ў рэгіёне, адзначаецца ў паведамленьні на сайце брытанскага ўраду.
Напярэдадні візыту міністар Данкан сказаў: «Будучы першым міністрам, які наведвае Беларусь ад часу абвяшчэньня незалежнасьці, я спадзяюся на далейшае ўмацаваньне нашых дачыненьняў і шлю мае найцяплейшыя прывітаньні народу Беларусі.
Беларусь разьмешчаная ў геаграфічным сэрцы Эўропы і адыгрывае важную ролю ў рэгіёне і за яго межамі. Я спадзяюся на плённыя дыскусіі з прэзыдэнтам Лукашэнкам і міністрам замежных справаў Макеем.
Мы таксама абмяркуем бягучыя эканамічныя, юрыдычныя і выбарчыя рэформы, якія паспрыяюць працьвітаньню і дэмакратыі ў Беларусі.
Я шчыра спадзяюся, што гэты візыт падрыхтуе глебу для больш плённых дачыненьняў у будучыні на аснове узаемнай павагі і разуменьня».