«Турнір праводзіцца ўжо 20 гадоў. Гэта сур’ёзная гісторыя, былі бітвы і жарсьці. Мы другі год прайграем ў фінале па пэнальці. Гэтым раз Партыі БНФ. Але нічога, мы згулялі добра», — сказаў агенцтву БелаПАН старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Трэцяе месца ў турніры заняла каманда руху «Беларускі рух».
Лябедзька адзначыў, што першапачаткова правядзеньне турніру плянавалася на некалькі тыдняў раней, «аднак, нягледзячы на пералічаныя грошы, у яго правядзеньні было адмоўлена».
Палітык сказаў, што правядзеньне турніру зарадзілася ня 20 гадоў таму, а раней. У ім, адзначыў ён, гуляў і сам Генадзь Карпенка, а таксама зьніклы палітык Віктар Ганчар і вядомыя ў мінулым футбалісты.
Сёньня ў турніры гулялі восем каманд: АГП, Партыі БНФ, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускай партыі «Зялёныя», руху «Беларускі рух», руху «За Свабоду», сацыял-дэмакратаў і аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларускія хрысьціянскія дэмакраты».
Правядзеньне турніру будзе працягнутае і ў наступным годзе. «Мне гэта ўсё падабаецца. Многія турнірам цікавяцца», — сказаў Лябедзька.
Турнір «Кубак Свабоды» праводзіцца з 1997 году. Спаборніцтвы былі прымеркаваныя да прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь, і ў іх актыўна ўдзельнічаў сам Генадзь Карпенка. Пасьля сьмерці палітыка, які быў намесьнікам старшыні АГП, турнір назвалі яго імем.
Генадзь Карпенка памёр 6 красавіка 1999 году ў веку 49 гадоў праз тыдзень пасьля таго, як перанёс інсульт. Раптоўная сьмерць апазыцыйнага палітыка выклікала шмат пытаньняў, якія дагэтуль застаюцца без адказу.