Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў будзе знаходзіцца зь візытам у Беларусі 25-26 верасьня.
40-гадовага Кадырава абвінавачваюць у карупцыі, масавых парушэньнях правоў чалавека, забойствах палітычных апанэнтаў і нават асабістым удзеле ў катаваньнях людзей. Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што ён фактычна пабудаваў у межах Чачэніі таталітарную дзяржаву. Радыё Свабода сабрала яскравыя цытаты чачэнскага кіраўніка.
Аб дзеяньнях уладаў Беларусі ў адказ на пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году
- Лукашэнка правільна паступіў. Калі ён захацеў парадак навесьці — ён выгнаў усіх, разагнаў, пасадзіў і ўсё. А мы вядзем дыялёг, саджаем ня тых.
Са звароту да Аляксандра Лукашэнкі 17 лістапада 2016 году
- Лічу за гонар прыехаць у Менск і сустрэцца ў зручны для Вас час. Адразу ж хачу запрасіць Вас наведаць Чачэнскую Рэспубліку ў межах чарговага візыту ў Расею. Мы Вам будзем вельмі радыя. Чачэнскі народ сустрэне Вас годна! Я на працягу многіх гадоў з вялікай цікавасьцю назіраю за сацыяльна-эканамічным разьвіцьцём Рэспублікі Беларусі. Нас вельмі радуе, што пад Вашым кіраўніцтвам Беларусь здолела годна супрацьстаяць спробам Захаду падпарадкаваць Менск сваёй волі, павесьці краіну па шляху палітычнай нестабільнасьці, развалу эканомікі, разрыву векавых адносінаў з братэрскімі народамі Расеі. Вы даказалі няпрыяцелям Расеі і Беларусі, што Рэспубліку Беларусь і беларускі народ нельга ні купіць, ні запалохаць, ні падмануць. На любую палітычную інтрыгу Захаду Вы заўсёды знаходзілі выразны, ясны адказ! На гэта здольны толькі моцны, валявы прэзыдэнт, які шчыра любіць сваю краіну і народ! Наша сіла ў адзінстве! Жыве Расея! Жыве Беларусь!
Пра Пуціна
- Мой ідал — Уладзімір Пуцін. Я хацеў бы, каб ён быў прэзыдэнтам да канца ягонага жыцьця. Я вельмі люблю яго, як толькі мужчына можа любіць мужчыну. Ён чалавек слова, ён прынёс сьвет у Чачэнію. Мы былі ў руках бандытаў, алькаголік Барыс Ельцын бамбіў нас. Тыя, хто крытыкуе Пуціна, — нелюдзі, яны мае асабістыя ворагі. Дакуль Пуцін падтрымлівае мяне, я магу рабіць усё. Пуцін — выратавальнік нашага народа. Я не люблю лісьлівіць, але каб не прэзыдэнт, Расея даўно б развалілася. Ён цяпер зьбірае Расею, якую развалілі ворагі. І калі Уладзімір Пуцін сыдзе з пасады прэзыдэнта, Расея зноў разваліцца.
- Я абавязаны Пуціну жыцьцём. Калі я гэта забуду, я не мужчына.
- Я ад усяго сэрца, ад імя чачэнскага народу віншую Ўладзіміра Пуціна, увесь расейскі народ з вяртаньнем горада нашай славы — Сэвастопаля — і паўвострава Крым у Расею!
- Я маю намер папрасіць у прэзыдэнта, каб ён мяне, так бы мовіць, адпусьціў з гэтай пасады, каб пайсьці ў Данбас, абараняць інтарэсы менавіта тых грамадзян, якія сёньня ваююць там.
Пра Расею і замежжа
- Я — гэта Расея, Расея — гэта я.
- Мы нікому не дазволім жартаваць з Расеяй і навядзем парадак не толькі ў краіне, але калі будзе загад галоўнага вайскавода, то і ў іншых дзяржавах.
- Першага рускага я забіў у 16 гадоў!
- На маю асабістую думку, шарыят стаіць над законамі Расейскай Фэдэрацыі.
- Калі ЗША супраць цябе, гэта значыць, ты на правільным шляху.
Пра крыніцы фінансаваньня Чачэніі
- Алах дае. Ня ведаю. Аднекуль бяруцца грошы.
Пра сацыяльныя сеткі
- Сацыяльныя сеткі — гэта хвароба, горшая за наркаманію. Але мы не заклікаем цалкам адмовіцца ад сацыяльных сетак. Мы хочам іх правільна выкарыстаць.
Пра перасьлед мусульманаў у М’янме
- Калі Расея будзе падтрымліваць шайтанаў, які ўчыняюць злачынствы, я супраць пазыцыі Расеі. Ніяк немагчыма адправіць туды войскі, бо гэта прэрагатыва дзяржавы. Была б мая воля, была б магчымасьць, я б нанёс туды ядзерны ўдар.
Пра традыцыі і жыцьцё
- Калі даваць кожнаму займацца тым, чым ён хоча, людзі будуць забіваць адзін аднаго.
- Я афіцыйна заяўляю, што прыйшоў канец часу, калі казалі, што бацькі не адказваюць за ўчынкі сыноў або дачок. У Чачэніі будуць адказваць! Калі бацька бачыць, што сын стаў на шлях тэрору і вахабізму, хай здае яго ўладам або спыніць іншымі шляхамі да таго, як ён пральле кроў.
- Але калі я наагул забараню страляць на вясельлях, то гэта будзе няправільна. Я ня супраць нашых традыцыяў, але абмежаваць стральбу неабходна. 2-3 разы дастаткова, і ня з буйнакалібэрных кулямётаў
- У нас у Чачэніі жанчын больш, чым мужчын. Але ўсе яны павінны быць уладкаваныя ў жыцьці. Мнагажонства дазваляюць нашы звычаі, наша рэлігія. Зь іншага боку, калі маладая дзяўчына ці разьведзеная жанчына гуляе, то яе брат забівае і яе, і таго мужчыну. У нас вельмі суровыя звычаі. Лепш жанчыне быць другі або трэцяй жонкай, чым быць забітай. Так што ўпэўнены: сёньня нам неабходна мнагажонства. Закону няма такога, але я ўсім кажу: у каго ёсьць жаданьне і магчымасьць, трэба браць другую жонку.