Начальнік службы мэтэаралягічных прагнозаў Міністэрства прыроды Дзьмітры Рабаў сказаў парталу TUT.BY, што прыняў рашэньне пакінуць пасаду. Прычын, якія прымусілі да такога кроку, не ўдакладніў.
Пазьней агенцтва БелаПАН паведаміла са спасылкай на самога Рабава, што ён звольнены «па згодзе бакоў». У Міністэрстве прыроды гэтую інфармацыю на запыт Радыё Свабода пакуль не пацьвердзілі.
Праз тыдзень пасьля Лукашэнкавай крытыкі
Тыдзень таму Аляксандар Лукашэнка рэзка выказаўся пра ўзровень беларускіх «прагназістаў», заявіўшы, што лепш бы «ўвогуле памаўчалі, чым народ падманваць».
Так, прызначаючы новым кіраўніком Мінпрыроды Андрэя Худыку, ён скрытыкаваў якасьць прагнозаў, якія рыхтуе дэпартамэнт па гідрамэтэаралёгіі.
Іх прагнозы часам ня тое што чытаць, хочацца, каб наогул нічога не прагназавалі
«Іх прагнозы часам ня тое што чытаць, хочацца, каб наогул нічога не прагназавалі, — сказаў Лукашэнка. — А там больш за тысячу чалавек. Займіцеся гэтай структурай і навучыцеся працаваць. У нашай арміі (вайскова-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны) на трое сутак інфармацыю даюць па гадзінах, і ні разу не памыляліся», — прывёў ён прыклад. І дадаў, што калі бачыць інфармацыю ад Белгідрамету, у яго ўзьнікае жаданьне проста ўсіх разагнаць.
Выказваецца меркаваньне, што прэзыдэнцкія пагрозы пачынаюць рэалізоўвацца на практыцы. А зь Дзьмітрыя Рабава маглі пачаць таму, што менавіта ён часьцей за іншых калегаў зьяўляецца на тэлеэкранах.
Варта адзначыць, што Рабаў і не хаваў праблемаў зь недасканаласьцю працы сваёй службы. У адным з інтэрвію расказаў, што неяк неабачліва пакінуў дома парасон і па дарозе на працу наскрозь вымак. Самакрытычна прызнаўшы, што, паводле прагнозу, на залеву нічога не паказвала.