На пачатку кастрычніка ў «Менск-Арэне» адсьвяткуе 70-гадовы юбілей футбольны клюб «Тарпэда». Каманда выступае ў першай лізе нацыянальнага першынства і па выніках сэзону мае ўсе шанцы вярнуцца ў элітны дывізіён, дзе ўжо мела прапіску ад пачатку 1990-х і да сярэдзіны нулявых.
Аўтазаводцы па праву лічацца ўзорам беларускага духу ў тутэйшым футболе: асноўная стаўка робіцца на мясцовых выхаванцаў, а ўся інфармацыйная і маркетынгавая дзейнасьць вядзецца на роднай мове.
Не нашмат старэйшы за каманду заслужаны трэнэр Беларусі Мікалай Блашко. Сёлета ён адзначыў 80-гадовы юбілей, акурат палову гэтага тэрміну прысьвяціў любімай справе. Такой адданасьцю футбольнай сям’і ня можа пахваліцца ніводзін зь ягоных беларускіх калегаў. Гэта дакладна адзіны чалавек у тутэйшым футболе, чыя выява прысутнічае на фанацкіх банэрах і клюбнай атрыбутыцы.
Мікалай Іванавіч нарадзіўся ў 1937 годзе ў Бабруйску. Гэта былі цемрашальскія часы паляваньня на «ворагаў народу», але, як кажа суразмоўца, ягоных блізкіх «тройкі» НКВД і бяссудныя расстрэлы, на шчасьце, абмінулі. Праўда, неўзабаве прыйшла іншая навала, якая скончылася крывавым «бабруйскім катлом» і поўным руйнаваньнем гораду.
Немцы і румыны: супернікі па-за гульнёй
Ягоны бацька Іван Блашко быў прызваны падчас татальнай мабілізацыі на пачатку вайны, ваяваў на Курскай дузе. Перасьледуючы гітлераўцаў, загінуў у баях на тэрыторыі Польшчы. Маці засталася з чатырма малымі дзецьмі. Мікалай Іванавіч акупацыю роднага гораду памятае «як учора»:
«Немцы зайшлі ў Бабруйск без адзінага стрэлу і адразу пачалі абжывацца. Пасярод гораду стаяў будынак райвыканкаму, які прыстасавалі пад штаб. А побач у прыватным сэктары жыла мая бабуля. Мы, малыя, часьцяком зь яе гароду падлазілі пад штабны плот і цікавалі, што там адбываецца. Аднойчы пад’ехала машына, кіроўца выйшаў і пакінуў дзьверы наросьцеж, каб праветрыць салён. Мы туды паўзком, бачым, на сядушцы ляжыць бінокль. Чым ня цацка?! Схапілі і пабеглі. Празь нейкі час пачулі галасы — шукалі прапажу. Ну, а нам што? Гулялі, пакуль той трафэй не пабачыла бабуля — і ад граху далей утапіла ў клязэце».
У Бабруйску кватаравалі ня толькі немцы, але і іх хаўрусьнікі румыны. Зброю ім асабліва не давяралі, займаліся тыя перадусім чорнай і гаспадарчай працай. Да мясцовых ставіліся бяз злосьці — гэта малы Міколка адчуў на сабе. Аднойчы моцна парэзаў нагу, дык румынскія хлопцы, якія брукавалі дарогу, ня толькі перабінтавалі рану, але пачаставалі хлебам з павідлам. Збольшага мірна суіснавалі і зь немцамі:
Your browser doesn’t support HTML5
«Мабыць, было нам гадоў па шэсьць, мы з суседзкай дзяўчынкай каталіся з горкі на санках, — расказвае Мікалай Іванавіч. — Я паехаў першы, вылецеў на дарогу і на ўсёй хуткасьці ўляпіўся ў нямецкую машыну. Было сьлізка, кіроўца не пасьпеў затармазіць. Але спыніўся, усе пасажыры выйшлі, запыталі, адкуль я. І адвезьлі дахаты. Празь нейкі час прыйшоў са шпіталя нямецкі лекар, паглядзеў, сказаў маці, што зламана ключыца, моцны ўдар у вобласьці грудзей, трэба адляжацца. Потым яшчэ нейкі час сачылі, каб прыйшоў у норму. Фактычна дапамаглі стаць на ногі».
Пры канцы чэрвеня 1944 году савецкая артылерыя пачала захопнікаў «выкурваць». Тыя, у сваю чаргу, таксама стараліся пакінуць пасьля сябе выпаленую зямлю. Як кажа Мікалай Іванавіч, «кацёл» давялося перачэкваць у зямлянцы, страшна было нават высунуцца:
«З-за Бярэзіны „Кацюшы“ як пачалі бахаць, немцы ня ведалі, куды бегчы. Вядома, адстрэльваліся, у тым ліку запальнымі патронамі, над галавой ляталі аскепкі ад выбухаў. Неўзабаве ўвесь горад палаў, бо пераважна прыватны сэктар, драўляныя пабудовы. Шмат людзей тады загінула, згарэла, задыхнулася ў чадзе. Тым часам замкнуўся „бабруйскі кацёл“. Немцы пачалі кідацца ва ўсе бакі: у адзін бок пабягуць — там нашы, у іншы — тое самае. Ну, а нам нічога не заставалася, як хавацца ад гэтага жаху пад зямлёй. Яшчэ на пачатку вайны дзед выкапаў у гародзе яму, паклаў зьверху бярвеньні, замаскіраваў. Вось у тым бункеры ўсе разам і сядзелі».
Пяць дзён горад заставаўся пасярод пекла. Толькі пасьля таго, як немцаў ды іх саюзьнікаў пагналі ў бок «фатэрлянду», можна было пакінуць выратавальны дзедаў бункер. Бабруйчане вярталіся да мірнага жыцьця...
Паміж двума «Спартакамі»: падвышэньне ў клясе
Мікалай Блашко пайшоў у школу, жахі вайны паступова забываліся. Не хапала толькі бацькі. Пасьля заняткаў ганялі скруткі анучаў, якія замянялі мяч, зімой гулялі ў хакей. Неяк амаль усе сябры з вуліцы за кампанію запісаліся ў сэкцыю боксу. Трэнэр па адзінаборствах угаварыў пахадзіць на трэніроўкі і Мікалая, бо бракавала кандыдатаў у цяжкай вазе — на дзіва, ваенны рацыён з бульбянога шалупіньня і супу з лопуху пайшоў у цела.
Праз два месяцы навасьпечаны баксёр Мікалай Блашко дэбютаваў за тагачасную Бабруйскую вобласьць на чэмпіянаце рэспублікі ў Магілёве. І атрымаў дачасную перамогу — папросту не аказалася канкурэнтаў у ягонай катэгорыі, паваенныя дзеці збольшага былі недакормленыя. Па аналягічным сцэнары прайшло яшчэ адно першынства ў Горадні, пасьля чаго з боксам завязаў — не было ня тое што супернікаў, а нават спарынг-партнэраў.
Паралельна разгортваліся лядовыя баталіі. На дзіва, у фаворы тады быў хакей зь мячом. У 1954-м заняў першае месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах за каманду тагачаснай Бабруйскай вобласьці. Як і ў выпадку з боксам, Мікалая ўзялі на падстрахоўку — не хапала фактурных гульцоў (дарэчы, у чэмпіянаце Менску па бэндзі Блашко гуляў да 50 гадоў).
Але да сярэдзіны 1950-х ён цалкам пераключыўся на футбол і празь нейкі час стаў пад сьцягі бабруйскага «Спартака».
Як лічыць суразмоўца, пераломным у яго жыцьці стаў чэмпіянат Усесаюзнага цэнтральнага савету прафсаюзаў, дзе на 17-гадовага хлопца зьвярнулі ўвагу старэйшыя аднаклюбнікі Ўладзімер Ходзін і Барыс Курнеў. На наступны сэзон зь іх пратэкцыі пэрспэктыўны гулец быў запрошаны на прагляд у сьвятая сьвятых — каманду майстроў менскага «Спартака», бронзавага прызэра чэмпіянату СССР 1954 году. Кіраваў клюбам аўтарытэтны спэцыяліст Міхаіл Базяненкаў па мянушцы «Пірат».
«Каб трапіць у каманду і надалей гуляць у асноўным складзе, трэба было па выніках прагляду замацавацца ў ліку 18 лепшых, — кажа Мікалай Іванавіч. — А на зборы ў Сочы прывезьлі 40 чалавек! То бок большая палова мусіла адваліцца. Памятаю, як „стымуляваў“ Базяненкаў: хто не акажацца ў новым складзе, паедзе да „белых мядзьведзяў“. А быў акурат прызыўны год у войска. Гэта ж ня тое, што цяпер: у Бабруйску жывеш, тут і служыш. Закінуць на Поўнач — будзеш сядзець у тундры. І я біўся да апошняга, спадабаўся кіраўніцтву сваім настырным характарам, плюс хуткі, рухомы. Карацей, трапіў у запаветную 18-ку і астатняе жыцьцё зьвязаў з футболам».
Праўда, доўга пакрасавацца ў эліце савецкага футболу не ўдалося — па выніках сэзону-1956 менскі «Спартак» вылецеў з вышэйшага дывізіёну і атабарыўся сярод пасрэдных аматараў з клясу Б — турніру абласных камандаў Беларусі. Аналягу першай-другой лігаў яшчэ не існавала.
А неўзабаве здарылася чарада траўмаў, якая прымусіла завяршыць кар’еру ў 23-гадовым узросьце, у самым росквіце для любога футбаліста. Да 1960-га ў Блашко канстатавалі парушэньні мэніскаў і разрывы крыжападобных зьвязак, што на той час было роўна прысуду. Ад паслугаў «інваліда» лёгка адмовіліся, ён у літаральным сэнсе апынуўся на вуліцы...
У тым жа годзе «Спартак» быў перафарматаваны ў калектыў з гучнай назвай «Беларусь» — рэбрэндаваны прадстаўнік БССР атрымаў шанец пачаць у саюзным першынстве з чыстага аркуша. Але ўжо без Блашко і многіх яскравых гульцоў з плеяды чырвона-белых.
Выпрабаваньні лёсу: сямейная драма і кар’ерны рост
Падчас вымушанай паўзы Мікалай Блашко засяродзіўся на сямейных справах. Незадоўга перад гэтым ён ажаніўся з прыгажуняй Вольгай, майстрам спорту па гімнастыцы (спартовай). У 1961-м у іх зьявіліся двайняты, дзяўчаткі.
У 2010-м муж і жонка Блашко адзначылі залатое вясельле, агулам у шлюбе яны ўжо 57 гадоў. Але больш за паўгода таму здарылася няшчасьце: спачатку ў жонкі канстатавалі хваробу Альцгеймэра, а неўзабаве здарыўся інфаркт. Увесь гэты час Мікалай Іванавіч даглядае нерухомую спадарожніцу жыцьця, корміць, перасьцілае. У маналёгах згадвае эпізоды пражытага жыцьця.
Гэта быў другі моцны ўдар лёсу. Яшчэ раней, на пачатку 1980-х, бацькі страцілі адну са сваіх двайнятак, Ірынку. На апошнім курсе менскага Інстытуту народнай гаспадаркі ёй паставілі невылечны дыягназ — рак. У Бараўлянах зрабілі некалькі апэрацый, не дапамагло. У 21 год яе ня стала...
У год нараджэньня дачок Блашко спартовыя функцыянэры заняліся аднаўленьнем футбольнай каманды «Тарпэда», якая стала паваенным чэмпіёнам БССР, але за наступныя гады прыйшла ў заняпад. На ўздым прызначылі майстра спорту Юрыя Бачурына — спартакаўскага аднаклюбніка Мікалая Блашко, які з прычыны траўмы перастаў выступаць на год раней. Той, у сваю чаргу, запрасіў сябра ў памагатыя. За кароткі час сабралі канкурэнтаздольны калектыў і без асаблівай напругі заваявалі кубак БССР. Абодва ня толькі трэніравалі, але і гулялі самі. Мала таго, Блашко быў капітанам каманды. І тут Бачурын атрымлівае новае заданьне — заняцца футболам у Магілёве.
На тарпэдаўскай гаспадарцы ўчорашні футбаліст застаецца адзін. Нейкі час, нягледзячы на дыскамфорт ад траўмы, Мікалай яшчэ гуляў, але паступова засяродзіўся на тэорыі:
«Паступова пайшло-паехала, і ад 1962 году я пачаў працаваць з камандай цалкам самастойна. І так наступныя 40 гадоў (сьмяецца). Прыкладна ў гэты час быў утвораны спартыўны клюб МАЗ, што дазволіла пасадзіць на стаўкі інструктараў, трэнэраў, бо дагэтуль фізкультура і спорт на прадпрыемствах трымаліся ледзь не на адным энтузіязьме. Да станка ж ніхто не паставіць, бо няма адпаведнай кваліфікацыі. Таму прыпісвалі фіктыўныя пасады, разрады, плацілі нейкія капейкі. Паралельна вучыўся ў Вышэйшай школе трэнэраў. У 1962-м здалі новы стадыён „Тарпэда“, паступова ўсё нармалізоўвалася».
Такім чынам, дэбют на трэнэрскім мастку аказаўся ўдалым: па выніках 1962 году «Тарпэда» становіцца чэмпіёнам Беларусі і заваёўвае кубак. Пазьней пад кіраўніцтвам Мікалая Блашко посьпех замацоўваўся яшчэ не аднойчы — у 1966-м, 1967-м і 1969-м. Гэта ня лічачы срэбных ды бронзавых п’едэсталаў:
«На гульні нельга было квіткоў дастаць, — кажа Мікалай Іванавіч. — Ажыятаж проста нерэальны, зрэшты, як і зацікаўленасьць заводзкага кіраўніцтва. Гендырэктар Іван Дзёмін нязьменна наказваў: прайграеце — дружна пойдзеце ў „абрубку“, як называлі ліцейны цэх. „Толькі перамога! Усё зразумела? Так і скажы сваім футбалёрам“. Ясна, што ніхто нікуды не „ссылаў“, проста трымалі ў тонусе. Насамрэч быў поўны давер: твой калектыў, вось і рабі, што лічыш патрэбным. Дарэчы, як і з камандай па вялікім тэнісе — на стадыёне „Тарпэда“ была база для зборнай Саюзу».
Неўзабаве на базе аўтазаводу запрацавала дзіцяча-спартыўная школа. Штодзённая праца з выхаванцамі дала магчымасьць Мікалаю Блашко заняцца сэлекцыяй, а таксама зьмяніць профіль дзейнасьці — з наладчыка шасі 6 разраду, якім ён лічыўся на паперы, на дзіцячага трэнэра. Паводле дамовы з дарослай камандай працаваў на грамадзкіх асновах, заробак атрымліваў у школе.
Зрэшты, пад канец кар’еры зь любімай справай давялося разьвітацца на сумнай ноце — зайздросныя калегі напісалі кляўзу, што Блашко нажываецца на таленавітых вучнях, «сватаючы» іх дарослым камандам. Пасьля столькіх гадоў шчырай службы спорту гэта стала апошняй кропляй...
Эра чорна-белых: прапіска на чатыры дзесяцігодзьдзі
Празь менскае «Тарпэда» прайшлі многія выбітныя футбалісты, для якіх незаменны досьвед стаў трамплінам на працяг кар’еры ў камандах майстроў. Зь некаторымі да траўмы Мікалай Блашко гуляў яшчэ ў «Спартаку», іншыя атрымлівалі тут першае футбольнае хрышчэньне.
Трохразовы чэмпіён БССР у складзе чорна-белых Юры Мартынаў пра антураж 1960-х (відэа прэс-службы «Тарпэда»):
Зь першага заходу, несумненна, саліравалі Ўладзімер Ганчароў, Дзьмітры Карнееў, Іван Савосьцікаў. У пазьнейшай генэрацыі — Юры Мартынаў, Мікалай Журавенка, Алесь Клышка. Навейшыя часы — гэта Аляксандар Лухвіч, Ігар Тарлоўскі, Сяргей Яромка ды іншыя.
Трэнэрам міжнароднага ўзроўню сфармаваўся Леанід Кучук, а таксама іншыя адмыслоўцы, у біяграфіі якіх прысутнічае «чорна-белая» цераспалосіца — Анатоль Юрэвіч, Аляксандар Сяднёў, Алег Конанаў ды цяперашні настаўнік «Тарпэда» Юры Пышнік.
«Плюс браты Глебы — не цяперашнія, іншыя, — усьміхаецца Мікалай Блашко. — Іх было аж пяць, адзін за адным, усе гулялі ў футбол. Вучыліся ў БПІ на мэталюргічнай вытворчасьці, за факультэт выстаўлялі фактычна братнюю каманду. Далей за ўсіх пайшоў Гена, выступаў потым за клюбы вышэйшай лігі. У „Тарпэда“ сапраўдным капітанам паказаў сябе цэнтральны абаронца Клышка. У іх было вечнае суперніцтва зь Дзімам Падабедам — абодва здаровыя, упёртыя, цікава было назіраць. Таксама Лухвіч, Тарлоўскі, Балашоў, шмат хлопцаў потым гулялі ва ўсіх лігах і савецкага, і незалежнага футболу. Па сукупнасьці за падрыхтоўку рэзэрву я і атрымаў званьне заслужанага трэнэра».
Гісторыю Алеся Клышкі — футбаліста, навукоўца, літаратара — Свабода расказвала летась. Уладальнік бронзавай узнагароды чэмпіянату Беларусі, капітан чорна-белых. Праз шмат гадоў пасьля таго, як павесіў буцы на цьвік, а неўзабаве сур’ёзна захварэў, у працэсе выздараўленьня ўвекавечыў любімую каманду ў адным з разьдзелаў паэмы «Менская зямля». А нядаўна стаў аўтарам тарпэдаўскага гімну, які заканчваецца словамі: «Жыве „Тарпэда“ — Жыве Беларусь».
Менскае «Тарпэда» пяць разоў выйгравала першынства рэспублікі (аднойчы яшчэ да Мікалая Блашко), чатыры разы станавілася срэбным прызэрам і тройчы бронзавым. З атрыманьнем Беларусьсю незалежнасьці — ад 1992 да 2004 гадоў — аўтазаводцы гулялі ў вышэйшым дывізіёне чэмпіянату краіны.
У 2005-м празь фінансавыя праблемы каманда сышла ў другую лігу. Па выніках сэзону атрымала права перайсьці ў дывізіён клясам вышэй, але замест гэтага абвясьцілі, што яна спыняе існаваньне. Толькі ў 2007 годзе, дзякуючы намаганьням заўзятараў, вэтэранаў клюбу і выхаванцаў дзіцяча-юнацкай школы, ФК «Тарпэда» быў адроджаны. Пачынаць давялося з гарадзкога першынства, а ў 2014-м калектыў зноў заявіўся ў другую лігу. За год задача-максымум была выкананая, і цяпер ёсьць шанец замахнуцца на вяртаньне ў эліту беларускага футболу.
Узровень і стан сёньняшняй футбольнай гаспадаркі Мікалая Блашко засмучае. Ён перакананы, што гульня № 1 паступова страціла першасную мэту — яднаць сабой людзей. Сучасны футбол усё часьцей успрымаецца гульцамі толькі як спосаб заробку, а аматарамі — як магчымасьць падняцца на букмэкерскіх стаўках:
«Уся тагачасная плеяда футбалістаў — 1936, 1937, 1938 гады — у апошнюю чаргу думала пра набіваньне кішэняў. Ёсьць заробак — добра, звышганарарамі ад трансфэраў галаву не забівалі. Мой першы даход у „Спартаку“ на тыя грошы склаў 110 рублёў — так званыя стажорскія. Вось як пачынаюць заяўляць у асноўны склад, заробак ужо расьце. Але ж не бясконца, столь, калі не памыляюся, была 160 рублёў. Недзе шукаць шчасьця было бессэнсоўна. Гэта цяпер сеў і паехаў куды вочы глядзяць, выбіраеш, дзе лепш. А раней як? 12 камандаў у эліце на ўвесь Саюз, астатнія па рэспубліках — тыя ж самыя аматары. Куды ехаць, калі ў іх таксама грошай няма? Пазьней ужо пачалі ствараць кляс Б, другую лігу, а так усё на энтузіязьме».
Заўзятарскі рытуал: стадыён як месца паломніцтва
Ні ў якае параўнаньне з колішнім, як заўважае Мікалай Іванавіч, не ідзе сёньня і ўзровень глядацкага інтарэсу. У свой час паход на стадыён быў ледзь не сакральным рытуалам, там і шалёна заўзелі, і бавіліся зь сябрамі. Азарту дадавала і тое, што трапіць на футбол проста з вуліцы не ўяўлялася магчымым — даводзілася задзейнічаць «патрэбных людзей», каб дастаць дэфіцытныя квіткі. Поўная супрацьлегласьць цяперашняй індыфэрэнтнай публіцы, — кажа суразмоўца:
«Тады футбол быў для людзей, таму і набіваліся поўныя стадыёны. Ніхто нікога не правяраў, міліцыя не чаплялася, што ты там нясеш. Аўтарытэтна магу сказаць (сьмяецца): яшчэ да стадыёну выпівалі кампаніяй бутэльку гарэлкі ў сквэрыку, дзе лечкамісія. Потым заходзілі ў краму, бралі яшчэ адну й ішлі на футбол. Там на траіх дадавалі, і было выдатна — настрой адпаведны, жыцьцё бурліць. Пустую бутэльку не выкідалі, ставілі пад лаўку, яна каштавала 12 капеек. І прыбіральшчыкі за кошт гэтага нядрэнна падымаліся. Хадзілі чуткі, што нейкі Васька на здадзенай тары машыну прыдбаў. Ніхто не перашкаджаў: прыйшоў — адпачывай, маеш права».
Напружвае адмыслоўца і тое, што ў сёньняшніх беларускіх футбалістаў начыста зьнік патрыятычны складнік, безь якога немагчыма пасьпяхова выступаць за нацыянальную зборную. У тым ліку і адсюль ганебны вынік — апошняе месца ў адборачнай групе да чэмпіянату сьвету-2018, а паразы ад «карлікавых» футбольных дзяржаваў паступова становяцца нормай:
«Няма стрыжня, каб ісьці наперад, — кажа адмыслоўца. — Але патрыятычны складнік — гэта адно. Ёсьць яшчэ тэхнічны. Глядзіш і дзіву даесься. Ну як можна гуляць у футбол, марыць некага перамагчы, калі за 45 хвілін толькі аднойчы спадобісься ўдарыць у створ варотаў? Колькі ўжо было трэнэраў, цяпер са зборнай працуе Крывушэнка. Ці што зьмянілася? Па-ранейшаму мучаюць гэты мяч. Ён ужо просіцца — зафутбольце мяне ў сетку, колькі можна! А яны яго ўкочваюць. Раз, два, тры, чатыры, нібыта дайшлі да штрафной — і ніхто ня можа ўзяць гульню на сябе. Адкінулі назад — і, калі супернік не перахапіў, усё спачатку. Вось такая гульня. А як можна выйграць, калі ня б’еш па варотах?»
Суразмоўца лічыць абуральным, што сёньня фактычна няма гульцоў, каб укамплектаваць годны склад галоўнай каманды краіны. Калі ўлічыць, што некаторыя прафэсіяналы наагул адмаўляюцца выступаць за зборную, бо лічаць гэта непатрэбнай нагрузкай, то апошнія вынікі адборачных матчаў — не сюрпрыз, а заканамернасьць:
«Для мяне гэта невытлумачальна, — разводзіць рукамі Блашко. — Добра, палове зборнікаў ужо пад 35 гадоў ці больш, гуляюць у Расеі і найперш заклапочаныя зарабіць сабе на пэнсію. Нацыянальная каманда ім да лямпачкі. Аднак гэта тое, чаго нельга ўявіць у любой іншай краіне. Бо дасьведчаны футбаліст — залог посьпеху, мозг усяго арганізму. Калі ў Італіі, Гішпаніі, Францыі цябе выклікаюць у такім узросьце — гэта гонар. А нашы пачынаюць адмазвацца, ва ўсіх паважныя прычыны. І хто ў выніку выступае — лепш наогул прамаўчаць... Ці ёсьць выйсьце? Яно заўсёды ёсьць. Толькі ў нас ня любяць, калі пэнсіянэры пачынаюць даваць парады. Таму, што будзе далей — поўная невядомасьць...»
Падчас урачыстасьцяў да 70-годзьдзя «Тарпэда» будзе прэзэнтаваны дакумэнтальны фільм, прысьвечаны чорна-белым. У кадры — асобы, якія спрычыніліся да станаўленьня футбольнага калектыву. Адным з галоўных герояў стужкі — заслужаны трэнэр Беларусі Мікалай Блашко, пад чыім кіраўніцтвам «Тарпэда» чатыры разы перамагала ў чэмпіянаце Беларусі, станавілася прызэрам і ўладальнікам кубка.
5 фактаў пра менскае «Тарпэда», якія павінен ведаць кожны заўзятар чорна-белых
- «Тарпэда» (Менск) — адзін з найстарэйшых футбольных клюбаў Беларусі, які цягам сваёй працяглай гісторыі захоўваў нязьменнай назву. Нейкі час у 1990-я і 2000-я быў партнэрскі дадатак «МАЗ» і «СКА», але ніколі аўтазаводцы не адмаўляліся ад дарагіх кожнаму заўзятару сямі літар.
- Тарпэдаўская легенда — Мікалай Іванавіч Блашко, гонар клюбу. Капітан каманды ў 1960-я, а пасьля — яе галоўны трэнэр і настаўнік дзіцячай школы. Выхаваў вялікую колькасьць выбітных беларускіх футбалістаў. Ягоны партрэт можна ўбачыць на фанацкіх банэрах і на клюбнай атрыбутыцы.
- «Тарпэда» — гонар рабочай сталіцы, 70 гадоў захоўвае аўтазаводзкія карані. Чорна-белыя абаранялі гонар спартыўнага клюбу МАЗу і атрымалі прызнаньне дзякуючы свайму паходжаньню і шчырасьці ў гульні. Традыцыі і байцоўскі дух, якія нарадзіліся з імкненьня абараняць сваё, сталі часткай фірмовага стылю каманды.
- Заўзятары-выратавальнікі. Унікальны для постсавецкай прасторы выпадак, калі аматары футболу не дазволілі клюбу загінуць. Ад 2005 году простыя людзі сталі галоўнымі збавіцелямі «Тарпэда», шмат гадоў утрымліваючы каманду ў першынстве сталіцы, а пасьля заявіўшы яе ў другую лігу. У выніку клюб аднавіў прафэсійны статус, атрымаў магчымасьць выступаць у першай лізе і змагаецца за вяртаньне ў эліту.
- Уганараваны калектыў. «Тарпэда» пяць разоў у сваёй гісторыі выйгравала залатыя мэдалі чэмпіянату краіны — 1947, 1962, 1966, 1967, 1969. Тройчы аўтазаводцы станавіліся ўладальнікамі кубка — 1947, 1962, 1968. У актыве цэлы стос срэбных і бронзавых узнагародаў. У 1968-м менчукі дайшлі да фіналу прэстыжнага на той час «Кубка мільёнаў».