Суд у Маскве арыштаваў актывістаў руху «Хрысьціянская дзяржава»

Згарэлая машына каля офісу адвакацкай канторы Канстанціна Дабрыніна, 11 верасьня 2017

Хамоўніцкі суд Масквы арыштаваў да 11 лістапада актывістаў руху «Хрысьціянская дзяржава» Аляксандра Баянава і Юрыя Калініна.

Іх абвінавачваюць у падпале машынаў каля офісу адваката Канстанціна Дабрыніна, які абараняе інтарэсы рэжысэра Аляксея Ўчыцеля.

У судзе Баянаў і Калінін прызналі сваю віну. Ім пагражае да пяці гадоў турмы.

Суд таксама пастанавіў арыштаваць трэцяга абвінавачанага — Дзяніса Манталуца. Пра тое, ці прызнаў сваю віну Манталуц, пакуль не паведамляецца.

Раней стала вядома, што пры ператрусе ў доме Калініна супрацоўнікі паліцыі выявілі ёмістасьці з гаручай сумесьсю і ўлёткі з надпісам «За Матыльду — гарэць».

18 верасьня Палата адвакатаў Расеі зьвярнулася ў Савет Фэдэрацыі з просьбай зьвярнуць увагу на перасьлед з боку апанэнтаў фільму «Матыльда».

У шырокі пракат карціна «Матыльда» выйдзе 26 кастрычніка. Кампанію супраць фільму ўзначальвае дэпутатка Дзяржаўнай Думы Натальля Паклонская. Яна сьцьвярджае, што карціна пра адносіны будучага імпэратара Мікалая II і балерыны Матыльды Кшэсінскай абражае пачуцьці вернікаў. Ад паказу фільма ўжо адмовіліся дзясяткі кінатэатраў па ўсёй Расеі. У іх кіраўніцтве гэта рашэньне патлумачылі частымі пагрозамі.