— Спадар Мірановіч, для пачатку цікава даведацца, як паўстала «Historia Białorusinów Podlasia». Хто яе аўтары і на каго яна ў Польшчы арыентаваная?
— У Беластоку ўжо больш за 20 гадоў існуе «Беларускае гістарычнае таварыства», выдаецца «Беларускі гістарычны часопіс», ёсьць рэальныя навукоўцы і дасьледаваньні. Такім чынам, мы прыйшлі да высновы, што можам выдаць гісторыю беларусаў Падляшша. Адзінае, што ў нас няма прафэсійных адмыслоўцаў у галіне археалёгіі, але з гэтай цяжкасьцю мы справіліся — зьвярнуліся па дапамогу да археолягаў зь Беларусі.
У кнігі сем аўтараў: Пётра Хомік, Алена Глагоўская, Славамір Іванюк, Алег Латышонак, Зьбігнеў Місюк, Генадзь Семянчук і я. Яна скіраваная пераважна на беларусаў, якія жывуць у Польшчы, а таксама на палякаў, якія цікавяцца гісторыяй беларусаў.
— Кніга выдадзена толькі на польскай мове, так?
— Пакуль так, але мы маем спадзяваньне, што неўзабаве зьявіцца і беларускі варыянт. Магчыма, ён трапіць і ў Беларусь. А ўжо выдадзеную кнігу па-польску мы перадалі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.
— Як прынялі вашу кнігу на Беласточчыне, ці ёсьць рэцэнзіі, крытыка, водгукі чытачоў?
— Ёсьць ужо і рэцэнзіі, і водгукі — нават ад польскіх гісторыкаў. Прычым даволі добрыя рэцэнзіі, кніга высока ацэнена спэцыялістамі. Што датычыць чытачоў, то асаблівай рэакцыі пакуль няма. Справа ў тым, што гісторыю Беларусі ў Польшчы ніхто ў школах не вывучае, а кніга, дарэчы, можа, найперш і ёсьць падручнікам па гісторыі. Магу толькі сказаць: каля тысячы асобнікаў прадалося і мы адчуваем, што запатрабаванасьць у такой кнізе ў Польшчы ёсьць.
— А як наагул выглядае сёньня сытуацыя зь беларускасьцю на Беласточчыне?
— Паводле апошняга перапісу, на Беласточчыне беларусамі запісаліся больш 40 тысяч чалавек. Праўда, я думаю, што гэта зрабілі толькі праваслаўныя, тыя, хто яшчэ хоча неяк адрозьнівацца і называюць сябе беларусамі. Працэс асіміляцыі ідзе проста маланкава, не чуваць беларускай мовы практычна нідзе, нават каля царквы, хоць раней гэта было звычайнай справай. У мястэчках дамінуе польская мова, яшчэ, можа, на вёсках людзі і размаўляюць на сваіх гаворках. Гэта ўсё вынік таго, што людзі ня маюць сувязі зь беларускай культурай, тэатрам, тэлебачаньнем. Думаю, што яшчэ адно пакаленьне — і мову беларускую будзе вельмі цяжка пачуць на Беласточчыне.
— З вашага аповеду сытуацыя зь беларускасьцю лёгка кладзецца на тое, што адбываецца зь беларускай культурай і мовай у самой Беларусі.
Тыя, хто раней запісваўся расейцамі, пачалі называць сябе беларусамі. Фактар дзяржаўнасьці ўсё ж уплывае на тое, што, нават размаўляючы па-расейску, лепей называць сябе беларусамі.
— Так, у Беларусі расейская мова становіцца адзінай мовай публічнага карыстаньня. З другога боку, у 1980-я расейскае насельніцтва ў Беларусі, паводле перапісаў, набліжалася да 2 мільёнаў, а апошні перапіс зафіксаваў усяго 700 тысяч. Пры тым, што столькі расейцаў за гэты час зь Беларусі ня выехала. Гэта азначае, што тыя, хто раней запісваўся расейцамі, пачалі называць сябе беларусамі. Фактар дзяржаўнасьці ўсё ж уплывае на тое, што, нават размаўляючы па-расейску, лепей называць сябе беларусамі. І гэта факт, хоць я да канца сабе не магу патлумачыць, чаму так адбываецца.
— Але, як кажуць, калі няма мовы, то няма і нацыі...
— Не, нацыя ёсьць і, дарэчы, пры спрыяльнай унутрыпалітычнай сытуацыі беларуская мова можа вельмі хутка пашырыць свой уплыў у Беларусі. Прыгадайце 1990-я: як хутка і шырока пачала ўжывацца беларуская мова, калі ў школах і навучальных установах пачалі выкладаць па-беларуску!
— Спадар Яўген, у Горадні вы паўдзельнічалі ў канфэрэнцыі, прысьвечанай польскай меншасьці ў Беларусі. Калі параўнаць сытуацыю польскай меншасьці ў Беларусі і беларускай у Польшчы, як яна выглядае?
— Польская меншасьць у Беларусі існуе ў зусім іншых палітычных умовах. Так, тут адсутнічае дэмакратыя, але, з другога боку, тут няма нейкага прэсу з боку насельніцтва, тут ня трэба хавацца з сваёю польскасьцю, можна хадзіць па вуліцы і размаўляць па-польску, і ніхто на гэта ўвагі не зьвяртае. Большасьць беларуская абыякавая да гэтага. Прынамсі, мне так здаецца. У Польшчы ўжо сытуацыя іншая. Нават сталыя людзі калі яшчэ ў сябе на падворку гавораць па-беларуску, то ўжо, выходзячы на вуліцу альбо заходзячы ў грамадзкі транспарт, пераходзяць на польскую мову. Мне здаецца, тут усё ж больш спрыяльная атмасфэра, каб захаваць сваю тоеснасьць.
Мне здаецца, у Беларусі больш спрыяльная атмасфэра, чым у Польшчы, каб захаваць сваю тоеснасьць.
І другі фактар, на мой погляд, вельмі важны. Польская дзяржава дае вялікую падтрымку для польскай меншасьці, якая жыве ў Беларусі.
— Вы маеце на ўвазе матэрыяльную падтрымку?
— Усебаковую падтрымку. У Польшчы пастаянна гаворыцца пра палякаў у Беларусі, пастаянна ідуць публічныя дэбаты паміж палітычнымі партыямі, палітыкі канкуруюць паміж сабой у тым, хто болей робіць для палякаў, якія жывуць за мяжой. Пра гэта пішуць журналісты. Палякі атрымліваюць матэрыяльную дапамогу, існуе «карта паляка» і многае іншае. І нічога падобнага не існуе для беларускай меншасьці з боку Беларусі. Хаця за межамі Беларусі жывуць каля трох мільёнаў беларусаў. Гэта вялікі патэнцыял, які ніякім чынам не выкарыстоўваецца Беларусьсю.
— Спадар Яўген, а ці заўважылі ўжо вашую кнігу ў Беларусі?
— Мне пра гэта пакуль нічога невядома. Зрэшты, кніга выйшла толькі некалькі месяцаў таму, хутчэй за ўсё, яшчэ ня трапіла ў Беларусь. Мы ўсё ж спадзяёмся, што яна неўзабаве выйдзе па-беларуску і трапіць да беларускіх чытачоў.
— Цікава, што, жывучы ў Горадні, на мяжы з Польшчай, даволі рэдка даводзіцца сустракаць у нас беларусаў зь Беласточчыны...
— Так, сапраўды гэта факт. Каб перасячы мяжу, трэба пайсьці ў консульства, патраціць там некалькі гадзінаў, атрымліваючы візу. Потым пераехаць мяжу, дзе трэба зноў пастаяць. А на мяжы, як правіла, таксама ня вельмі прыемная гісторыя, бо чалавека заўсёды ў нечым падазраюць. Безумоўна, каб гэтай мяжы не было, сытуацыя выглядала б інакш. У Горадню, па-мойму, вельмі шмат людзей езьдзіла б. Але ёсьць, як ёсьць...