Сем самых скандальных здарэньняў на Генэральнай Асамблеі ААН

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс моліцца падчас сваёй прамовы га сэсіі Генасамблеі ААН у 2006 годзе

У Нью-Ёрку праходзіць 72 сэсія Генэральнай Асамблеі ААН. 20 верасьня расейская дэлегацыя байкатавала выступ прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце — прадстаўнікі расейскай місіі дэманстратыўна пакінулі залю. Раней Грыбаўскайце выказвала асьцярогі з нагоды расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017», а падчас свайго выступу ў ААН заявіла, што Расея рыхтуе сваё войска для нападу на краіны Захаду.

Узгадайма іншыя самыя скандальныя выступы на Генэральнай Асамблеі.

Хрушчоў і чаравік

У 1960 годзе шырока абмяркоўвалася тэма калёніяў — менавіта тады 17 краінаў Афрыкі атрымалі незалежнасьць ад «эўрапейскіх гегемонаў». З асуджэньнем заходніх краінаў, якія ўсё яшчэ захоўвалі частку калёніяў, на пасяджэньні 15 Генасамблеі ААН выступіў першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў. Адразу пасьля яго на трыбуну падняўся прадстаўнік Філіпінаў, які заявіў, што нельга забываць і пра краіны Ўсходняй Эўропы, якія знаходзяцца пад прыгнётам Савецкага Саюзу.

У момант выступу філіпінскага дэлегата Хрушчоў — на знак нязгоды — ударыў некалькі разоў рукой па стале, на якім пазьней апынуўся чаравік ва ўсіх на відавоку. Дагэтуль няма адзінага меркаваньня, ці грукаў ён чаравікам па стале.

Дэталі здарэньня адрозьніваюцца. Паводле савецкай дэлегацыі, Хрушчову ў чаравік трапіў камень, які ён хацеў вытрусіць. Пазьней адна з супрацоўніц ААН распавяла, што на самой справе ў Хрушчова, калі ён вяртаўся пасьля сваёй прамовы, зьляцеў чаравік, які яна яму вярнула; нібыта той ня мог надзець чаравік адразу і проста круціў яго ў руках. Але насуперак шматлікім чуткам, на самой трыбуне ААН Хрушчоў чаравікам ня грукаў.

Самая доўгая прамова

У тым жа 1960 годзе з самай доўгай прамовай у гісторыі Генасамблеі выступіў лідэр Кубы Фідэль Кастра. У выступе даўжынёй 4,5 гадзіны (пры ліміце ў 15 хвілінаў) ён раскрытыкаваў прэсу ЗША, якая нібыта зладзіла супраць яго «цкаваньне», абвінаваціў Амэрыку ў эксплёатацыі прыродных рэсурсаў Кубы, а таксама ў тым, што Штаты паспрыялі разьвіцьцю пірацтва і крыміналу на высьпе. Адначасна Кастра тлумачыў сэнс кубінскіх рэформаў і рэвалюцыі ў цэлым. Ён таксама раскрытыкаваў дзеяньні ААН у Афрыцы, назваўшы краіны Захаду каляніялістамі і манапалістамі.

Кастра падчас прамовы ў ААН

Да ўлады Кастра прыйшоў у 1959 годзе. Тады адносіны ЗША і Кубы павінны былі выйсьці на новы, дружалюбны ўзровень. Падчас яго «пераможнага» візыту ў Амэрыку і палітыкі, і прэса апісвалі яго як чалавека, здольнага прынесьці дэмакратыю на востраў, і «аднаго з найвялікшых герояў у гісторыі Кубы». У 1960 адносіны дзьвюх краінаў сапсаваліся: Куба нацыяналізавала амэрыканскі нафтаперапрацоўчы завод, а Вашынгтон увёў частковую блякаду выспы. Ва ўладзе Кастра застаўся на наступныя паўстагодзьдзя.

Дʼябал у ААН

У 2006 годзе прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс параўнаў прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага з «дʼяблам». Ён адкрыў свой выступ словамі: «Учора сюды прыйшоў дʼябал, і тут дагэтуль пахне серай» (за дзень да гэтага на трыбуне выступаў Буш-малодшы). Пасьля гэтай фразы Чавэс перахрысьціўся і малітоўна склаў рукі.

Чавэс таксама заявіў, што Буш падтрымлівае тэрарызм, і яго неабходна аддаць пад трыбунал з-за ўварваньня ў Ірак. Прэзыдэнт Вэнэсуэлы прапанаваў амэрыканскаму калегу зьвярнуцца да псыхіятра, а амэрыканскаму народу прачытаць кнігу вядомага амэрыканскага філёзафа і свайго сябра Ноама Хомскага «Гегемонія ці барацьба за выжываньне: імкненьне ЗША да сусьветнага панаваньня».

Амэрыканскі бок адмовіўся камэнтаваць словы Чавэса, а даўні сябар вэнэсуэльскага прэзыдэнта Хомскі празь некалькі гадоў ужо сам абвінавачваў Чавэса ва ўзурпацыі ўлады і замаху на дэмакратычныя свабоды.

Бойка з турэцкай дэлегацыяй

У 2011 годзе, на 66 сэсіі Генасамблеі, ахова дэлегацыі з Турцыі пабілася з супрацоўнікамі службы бясьпекі ААН. Тады Рэджэп Эрдаган спазьняўся на пасяджэньне па прызнаньні статусу Палестыны і вырашыў скараціць шлях празь дзьверы, не прызначаныя для гасьцей. Служба бясьпекі ААН адмовілася прапускаць турэцкага прэмʼер-міністра, на гэта ягоная ахова пачала расштурхоўваць супрацоўнікаў ААН — завязалася бойка. Аднаго супрацоўніка шпіталізавалі.

Разарваны статут ААН

У 2009 годзе са скандальнай паўтарагадзіннай прамовай да Генэральнай асамблеі зьвярнуўся лідэр Лібіі Муамар Кадафі. Тады ён публічна разарваў статут ААН, а Раду бясьпекі арганізацыі назваў «Радай тэрарызму».

Ён заявіў, што Лібія не абавязаная прытрымлівацца рэзалюцыяў ААН, таму што арганізацыя дзейнічае супраць сваёй жа краіны-члена, а таксама не дае краінам-удзельніцам роўныя правы, напрыклад, права вета. Ужо разарваны статут ён кінуў на вышэйшую трыбуну. Краіны NATO Кадафі назваў «ідыётамі» і абвінаваціў іх у падтрымцы тэрарыстаў «Аль-Каеды».

На працягу сваёй прамовы Кадафі зьмяніў двух перакладчыкаў. Адзін зь іх перакладаў прамову першую гадзіну, але пазьней з-за надзвычайнай стомленасьці выгукнуў у навушнікі дэлегатаў: «Я больш не магу».

Выступ праз скайп

У 2012 годзе перад Генасамблеяй ААН праз відэасувязь з амбасады Эквадору ў Лёндане выступіў знакаміты журналіст-дасьледчык і заснавальнік Wikileaks Джуліян Асанж.

У сваёй прамове ён раскрытыкаваў адміністрацыю прэзыдэнта Барака Абамы за ўтойваньне публічна важнай інфармацыі і перасьлед супрацоўнікаў арганізацыі, у прыватнасьці, інфарматара Wikileaks Чэлсі (Брэдлі) Мэнінг, якую вызваляць з турмы толькі ў траўні 2017 году. Самога Асанжа ў ЗША абвінавачваюць у шпіянажы за публікацыі сакрэтнай інфармацыі.

«Надышоў час прэзыдэнту Абаму паступіць правільна і далучыцца да сіл, якія зьмяняюць сьвет — не на словах, а на справе», — заявіў журналіст.

Да таго моманту Асанж хаваўся ў пасольстве Эквадору ад амэрыканскіх спэцслужбаў і швэдзкіх паліцэйскіх амаль тры месяцы. Тады ён заяўляў, што не зьбіраецца заставацца ў ім больш як год. Аднак Асанж ад таго часу ні разу не выходзіў за тэрыторыю амбасады.

Тэорыі змовы і напаўпустая заля

Падчас 65 сэсіі Генэральнай Асамблеі ў 2010 годзе прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад у сваёй прамове паставіў пад сумнеў Галакост (у некаторых краінах гэта крымінальна караецца), а таксама абвінаваціў спэцслужбы ЗША ў арганізацыі тэрактаў 11 верасьня, каб узмацніць прысутнасьць на Блізкім Усходзе і абараніць Ізраіль.

«ЗША хацелі спыніць спад амэрыканскай эканомікі і ўплыву на Блізкім Усходзе, а заадно і выратаваць сіянісцкі рэжым», — заявіў Ахмадзінэжад. На ягоную думку, забойства Усамы бін Лядэна было спробай схаваць сапраўдных арганізатараў тэрарыстычнага акту 2011 году.

Білбард супраць прэзыдэнта Ірану ў Нью-Ёрку. Верасень 2011

У адказ на прамову іранскага лідэра прадстаўнікі 32 краінаў выйшлі з залі, а прэс-служба амэрыканскай місіі заявіла, што яны «не зьбіраюцца выслухоўваць бездапаможныя тэорыі змовы і антысэміцкія абразы» і раскрытыкавала ўрад Ірану, «які душыць правы і свабоды ўласных грамадзянаў». Пасьля прамовы Ахмадзінэжада сотні амэрыканцаў прыйшлі пратэставаць да будынка Генасамблеі ў Нью-Ёрку.