Прэмʼер Літвы супраць эўракамісара ад Літвы: спрэчка пра БелАЭС

Беларуская АЭС

Кіраўнік ураду Літвы Саўлюс Сквярняліс выказаў зьдзіўленьне пазыцыяй прадстаўніка краіны ў Эўракамісіі — эўракамісара Віцяніса Павіласа Андрукайціса — наконт Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы.

Пра гэта паведамляе партал DELFI.

Паводле літоўскага прэмʼера, выказваньні эўракамісара супярэчаць інтарэсам Літвы. «Даводзіцца зьдзіўляцца, таму што пазыцыя і ўраду, і Сэйму па гэтым пытаньні цалкам пэўная», — заявіў прэмʼер у аўторак літоўскаму радыё.

Ён казаў пра верасьнёўскае інтэрвію Андрукайціса штотыднёвіку «Экспрес-неделя», у якім эўракамісар выказаў думку, што беларусы больш за ўсіх іншых занепакоеныя бясьпекай АЭС, бо на сваёй скуры адчулі наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Адказны за пытаньні аховы здароўя і бясьпекі прадуктаў харчаваньня эўракамісар таксама сказаў, што літоўскія службовыя асобы блытаюць эканоміку з палітыкай, калі вырашаюць пытаньне пра эмбарга на пастаўкі электраэнэргіі з БелАЭС.

Сквярняліс падкрэсьліў, што Літва робіць шмат, каб яе пазыцыю па БелАЭС пачулі як суседнія краіны, так і Брусэль.

Віцяніс Павілас Андрукайціс зьяўляецца ганаровым старшынём Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю.